Пакуль толькі Беларусь адзначылася збіццём расійскіх «Шахедаў», якія заляцелі ў яе паветраную прастору. Між тым заходнія партнёры баяцца нават проста сказаць, што працуюць над гэтым пытаннем, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас XX штогадовай сустрэчы Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі.
«Калі саюзнікі разам збіваюць ракеты, збіваюць дроны ў небе Блізкага Усходу, то чаму мы не маем аналагічнага рашэння пра сумеснае збіванне расійскіх ракет, іранскіх „Шахедаў“ у небе Украіны? Прычым гэта не робіцца і тады, калі ракеты і дроны скіроўваюцца літаральна на тэрыторыю нашых суседзяў», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Ён падкрэсліў, што Кіеў пастаянна падымае гэтае пытанне са сваімі партнёрамі, аднак «усе спрабуюць яго проста „загаварыць“».
«Баяцца нават сказаць: „Мы працуем над гэтым“. Нават гэтых словаў баяцца. І гэта праўда», — панаракаў Зяленскі.
Ён нагадаў, што пакуль толькі Беларусь адзначылася збіццём расійскіх «Шахедаў» на сваёй тэрыторыі.
«Але я не думаў, што ў такім фармаце гэта будзе. І я думаю, гэта проста зневажальна, зневажальна для моцнага дэмакратычнага свету», — заявіў Зяленскі.
Нагадаем, у ноч на 5 верасня расійскія ўдарныя дроны тыпу «Шахед» заляцелі ў Беларусь з Чарнігаўскай вобласці Украіны, два беспілотнікі былі збітыя ў Гомельскай вобласці. Праз падзенне аднаго ў Гомелі загарэўся склад. У Мінабароны пацвердзілі інцыдэнт, але не назвалі краіну прыналежнасці збітых дронаў.
Ужо ў ноч на 7 верасня ў паветраную прастору Беларусі зноў заляцела некалькі расійскіх беспілотнікаў, падобнае было і далей — напрыклад, 13 верасня ў нашае неба зайшоў расійскі «Арлан».
Чытайце таксама