Аўстрыйская сталіца Вена ўзначаліла топ-10 гарадоў для жыцця ў 2024 годзе, паведамляе The Economist.
Штогадовы рэйтынг найгоршых і найлепшых гарадоў для жыцця быў апублікаваны 26 чэрвеня. Як адзначае выданне, складаючы яго, аналітыкі ацанілі 173 гарады паводле пяці крытэраў: стабільнасць, ахова здароўя, культура і навакольнае асяроддзе, адукацыя і інфраструктура.
Вена ўжо трэці год запар займае першы радок у спісе найлепшых для жыцця гарадоў. Аўстрыйская сталіца атрымала найвышэйшыя балы ў чатырох з пяці катэгорый. Сто балаў ёй не даў набраць той факт, што там не праводзяцца буйныя спартовыя мерапрыемствы, таму ў катэгорыі «Культура і навакольнае асяроддзе» яе паказчык знізілі да 93,5.
У пяцёрку найлепшых увайшлі яшчэ тры еўрапейскія гарады: Капенгаген, Цюрых і Жэнева. Ва ўсіх трох невялікая колькасць насельніцтва, дзякуючы чаму зніжаны ўзровень злачыннасці і менш загружаныя дарогі і грамадскі транспарт. У топ-10 найлепшых эксперты ўключылі таксама два канадскія гарады — Калгары і Ванкувер — і чатыры ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне — Мельбурн, Сідней, Осаку і Окленд.
Што да дзясяткі найгоршых гарадоў для жыцця сёлета, то на першых трох радках аказаліся венесуэльская сталіца Каракас, украінскі Кіеў і Порт-Морсбі ў Папуа — Новай Гвінеі. Кіеў трапіў у гэты спіс ужо другі год запар. Чацвёрты радок займае сталіца Зімбабвэ Харарэ (гэта горад-пабрацім Мінска са студзеня 2023 года), а замыкае першую пяцёрку сталіца Бангладэш Дака.
Таксама ў спіс дзесяці найгоршых для жыцця гарадоў сёлета трапіў пакістанскі горад Карачы, нігерыйскі Лагас, Алжыр у аднайменнай дзяржаве, Трыпалі ў Лівіі. Замыкае гэты антырэйтынг сталіца ахопленай вайной Сірыі — Дамаск. Ён трапляе ў гэты спіс з 2013 года, але цяпер яго паказчыкі яшчэ ніжэйшыя, чым раней.
Адзначаецца таксама, што ізраільскі Тэль-Авіў таксама пагоршыў свае пазіцыі на фоне вайны ў Газе. Ён страціў 20 радкоў і апынуўся на 112-м месцы ў спісе гарадоў па якасці жыцця. Гэта самае вялікае падзенне ў рэйтынгу сёлета.
Сталіца Беларусі Мінск у рэйтынг не трапіла.