У Чэхіі пасажырскі цягнік, частка прычэпных вагонаў якога ехала ва ўкраінскі горад Чоп, сутыкнуўся з грузавым складам. У выніку здарэння чатыры чалавекі загінулі, яшчэ больш за 20 атрымалі раненні, паведамляе iDNES.
Аварыя адбылася каля паўночы ў ноч на 6 чэрвеня ў чэшскім Пардубіцэ, недалёка ад нядаўна пабудаванай чыгуначнай станцыі ў цэнтры горада.
Пасажырскі цягнік RegioJet 1021, які ехаў у славацкі горад Кошыцэ, лоб у лоб сутыкнуўся з грузавым складам ČD Cargo, які рухаўся ў процілеглым кірунку. Паводле звестак пажарных, у экспрэсе ехала каля 380 чалавек, першы вагон цалкам разбураны. На месца здарэння прыбылі выратавальныя службы, якія эвакуявалі пасажыраў.
Таварны цягнік складаўся з 21 вагона і быў больш чым паўкіламетра даўжынёй. Ён перавозіў карбід кальцыю, аднак першыя два вагоны былі пустымі, і ўцечкі небяспечнага рэчыва не адбылося.
Украінскі аператар «Укрзалізниця» паведамляе, што частка прычэпных вагонаў у сярэдзіне экспрэса ехала ў горад Чоп на захадзе Украіны. Сярод іх пасажыраў няма загінулых і сур’ёзна пацярпелых.
У выніку здарэння загінулі чатыры чалавекі, яшчэ 23 параненыя, трое з іх — у цяжкім стане, паведаміў міністр унутраных справаў Чэхіі Віт Ракушан. У бальніцу таксама трапіў адзін з машыністаў.
Міністр транспарту Чэхіі Марцін Купка заявіў, што гаварыць пра прычыны аварыі пакуль немагчыма, і заклікаў «не спекуляваць» на гэтую тэму. Паводле яго, факт сутыкнення расследуе чыгуначная інспекцыя Чэхіі. У чэшскай паліцыі таксама паведамілі, што высвятляюць усе акалічнасці трагедыі.
«Сутыкненне цягнікоў у Пардубіцэ — гэта вялікае няшчасце. Мы ўсе думаем пра загінулых і параненых. Я выказваю шчырыя спачуванні ўсім пацярпелым», — напісаў у Х прэм’ер-міністр Чэхіі Пётр Фіяла.