У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што працягваюць наносіць удары па жывой сіле і тэхніцы ўкраінскіх войскаў на ўсіх напрамках. Ва ўкраінскім Генштабе адзначаюць, што Расія працягвае ігнараваць законы і звычаі вайны, выкарыстоўвае тактыку тэрору супраць мірных грамадзян Украіны. У амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны прааналізавалі расійскую ваенную прызыўную кампанію, загад пра якую ўчора падпісаў Пуцін.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 401-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Адбілі больш за 80 атак праціўніка
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі 11 ракетных і чатыры авіяцыйныя ўдары, правялі 43 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
Асноўныя намаганні расіяне засяроджваюць на вядзенні наступальных дзеянняў на Купянскім, Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках. Падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбілі тут больш за 80 атак праціўніка. У эпіцэнтры баявых дзеянняў застаюцца населеныя пункты Белагораўка, Бахмут, Аўдзееўка і Мар'інка.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках аператыўная абстаноўка без істотных зменаў, прыкмет фармавання наступальных груповак праціўніка не выяўлена. За мінулыя суткі расіяне абстралялі 22 населеныя пункты.
— На Купянскім і Ліманскім напрамках расійскія войскі беспаспяхова спрабавалі наступаць у раёнах Стальмахоўкі, Кузьміна і Бераставога. Артылерыйскім абстрэлам падвергліся 15 населеных пунктаў.
— На Бахмуцкім напрамку праціўнік працягвае штурмаваць Бахмут — УСУ адбілі тут 22 атакі. Таксама расійскія сілы вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў раёне Арэхава-Васільеўкі Данецкай вобласці, абстралялі пяць населеных пунктаў.
— На Аўдзееўскім і Мар'інскім напрамках наступальныя дзеянні расійцы вялі ў кірунку населеных пунктаў Новабахмутаўка, Новакалінава, Стэпавае, Аўдзееўка, Паўночнае, Вадзяное, Краснагораўка і Мар'інка Данецкай вобласці, але не мелі поспеху. Абстралялі 13 населеных пунктаў.
— На Шахцёрскім напрамку цягам сутак праціўнік абстраляў пяць населеных пунктаў.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі нанеслі агнявое паражэнне больш чым 30 населеным пунктам Данецкай і Запарожскай абласцей, а таксама на Херсоншчыне.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла шэсць удараў па раёнах канцэнтрацыі расійскіх сіл.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі пункт кіравання, шэсць раёнаў канцэнтрацыі жывой сілы, два склады боепрыпасаў і два склады гаруча-змазачных матэрыялаў праціўніка.
У Генштабе адзначаюць, што расійскія войскі працягваюць ігнараваць законы і звычаі вайны, выкарыстоўваюць тактыку тэрору супраць мірных грамадзян. Так, мінулай ноччу з ужываннем ЗРК С-300 праціўнік здзейсніў дзевяць ракетных пускаў па цывільнай інфраструктуры Харкава. Для нанясення авіяцыйных удараў задзейнічаў 10 ударных БПЛА тыпу «Шахед-136», 9 з іх знішчылі ўкраінскія абаронцы.

Мінабароны РФ: праводзім актыўныя дзеянні на Данецкім напрамку
У Мінабароны Расіі заявілі, што ў раёне населенага пункта Атрадакаменка Херсонскай вобласці знішчылі склад паліва 126-й брыгады тэрытарыяльнай абароны.
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі і агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў пабітыя падраздзяленні УСУ ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка і Бераставое Харкаўскай вобласці. Забітыя да 30 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя дзве баявыя браніраваныя машыны, адзін аўтамабіль і гаўбіца Д-20.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і актыўнымі дзеяннямі падраздзяленняў групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёне населенага пункта Чырвоная Дзіброва Луганскай вобласці. За суткі на гэтым напрамку забітыя да 85 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя тры баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, гаўбіца Д-20 і самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».
— На Данецкім напрамку падчас актыўных дзеянняў падраздзяленняў і агню артылерыі Паўднёвай групоўкі войскаў агульныя страты праціўніка за суткі склалі да 260 украінскіх вайскоўцаў і добраахвотнікаў, чатыры баявыя машыны пяхоты, чатыры бронетранспарцёры, дзве баявыя браніраваныя машыны, шэсць аўтамабіляў, чатыры пікапы і адна гаўбіца Д-30.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках ударамі авіяцыі і агнём артылерыі групоўкі войскаў «Усход» нанесенае паражэнне падраздзяленням УСУ ў раёнах населеных пунктаў Новаміхайлаўка і Вуглядар Данецкай вобласці. Агульныя страты УСУ склалі да 35 украінскіх вайскоўцаў, два пікапы, а таксама гаўбіцы Д-30 і Д-20.
— На Херсонскім напрамку ў выніку агнявога паражэння за суткі забітыя да 30 украінскіх вайскоўцаў, знішчаныя 16 аўтамабіляў і самаходная гаўбіца «Акацыя».
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 74 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і тэхніцы УСУ ў 76 раёнах. Перахопленыя тры рэактыўныя снарады сістэмы залпавага агню HIMARS, а таксама знішчаныя тры ўкраінскія беспілотныя лётныя апараты.
Інстытут па вывучэнні вайны: Пуцін не будзе адпраўляць прызыўнікоў на вайну
У свежай зводцы амерыканскі Інстытут па вывучэнні вайны надаў увагу падпісанаму напярэдадні Уладзімірам Пуціным загаду пра вясновы прызыў у расійскае войска. Як адзначаюць аналітыкі, у перыяд з 1 красавіка да 15 ліпеня ў войска прызавуць 147 тысяч расіян. Хоць раней вясной заклікалі 134 тысячы расійскіх мужчын. Расія можа выкарыстоўваць магчымасці Беларусі для навучання «лішніх» 13 тысяч чалавек, лічаць эксперты.
Раней ISW назіраў, як расійскія войскі трэніруюць у Беларусі да 12 тысяч вайскоўцаў. Спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што расійскія войскі, якія праходзяць падрыхтоўку ў Беларусі на Абуз-Лясноўскім палігоне, былі перадыслакаваныя ў Расію ў сярэдзіне сакавіка, што вызваліла месца для расійскіх навабранцаў. Эксперты кажуць, што гэтыя прызыўнікі не павялічаць баявую моц Расіі ў кароткатэрміновай перспектыве, бо павінныя прайсці месяцы навучання і службы, перш чым быць адпраўленымі ў бой.
Эксперты таксама лічаць, што Пуцін наўрад ці накіруе нядаўна прызваных у войска для ўдзелу ў баявых дзеяннях ва Украіне праз боязь за стабільнасць свайго рэжыму. Пра гэта 30 сакавіка таксама заявіў старшыня камітэта Дзярждумы РФ па абароне Андрэй Картаполаў. Яны нагадваюць, што Пуцін не задзейнічаў прызыўнікоў у 2022 годзе ў адказ на контрнаступленне Украіны ў верасні ў Харкаўскай вобласці, а замест гэтага абвясціў мабілізацыю сярод рэзервістаў. У аснове гэтага рашэння ляжаць палітычныя прычыны, упэўненыя ў ISW.
Эксперты таксама звяртаюць увагу на тое, што павелічэнне колькасці прызыўнікоў можа фактычна скараціць магчымасці Расіі па навучанні рэзервістаў і іншага персаналу, завербаванага ў рамках прыхаваных мабілізацыйных кампаній.
Што да арышту па абвінавачанні ў шпіянажы карэспандэнта Wall Street Journal Эвана Гершкавіча ў Екацярынбургу, аналітыкі лічаць, што ФСБ магла затрымаць яго ў адказ на арышт у ЗША расіяніна Сяргея Чаркасава, якога абвінавачваюць у працы на замежную разведку. Крэмль, імаверна, скарыстаецца затрыманнем Гершкавіча, каб паспрабаваць дамагчыся якіх-небудзь саступак ад Злучаных Штатаў, і, магчыма, паспрабуе правесці абмен палоннымі, як гэта было ў снежні 2022 года, калі амерыканскую баскетбалістку Брытні Грынер памянялі на расійскага гандляра зброяй Віктара Бута, нагадваюць у Інстытуце.
ПВК Вагнера і расійскія ўзброеныя сілы, імаверна, страцілі значную колькасць жывой сілы ў раёне Бахмута, што яшчэ больш абмяжуе наступ Расіі, кажуць у Інстытуце. Так, кіраўнік Аб’яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генерал Марк Мілі 29 сакавіка паведаміў, што ў вагнераўцаў ёсць каля 26 тысяч баевікоў, якія ваююць у раёне Бахмута. Прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі ў канцы снежня 2022 года казаў пра 50 тысяч наймітаў. Відаць, розніца паміж лічбай Кірбі і лічбай Мілі — вынік стратаў вагнераўцаў у наступе на Бахмут, робяць выснову эксперты. Найбліжэйшымі тыднямі ПВК Вагнера можа страціць яшчэ тысячы сваіх наймітаў, бо ў асуджаных мінаюць шасцімесячныя ваенныя кантракты. Страты ў жывой сіле будуць стрымліваць расійскія наступальныя аперацыі не толькі ў раёне Бахмута, але і на шырэйшым тэатры баявых дзеянняў, прагназуюць у ISW.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на поўнач ад Купянска і на лініі Сватава — Крамянная;
- расійскія войскі працягвалі наступальныя дзеянні ў Бахмуце і яго ваколіцах, а таксама на фронце Аўдзееўка — Данецк;
- памілаваныя асуджаныя з ПВК Вагнера працягваюць здзяйсняць злачынствы ў Расіі пасля заканчэння службы па кантракце;
- расійскія акупацыйныя ўлады працягваюць рабіць намаганні па стварэнні ўмоваў для правядзення выбараў у верасні 2023 года шляхам далейшай інтэграцыі акупаваных тэрыторый у расійскі прававы апарат.
