У Мінабароны Расіі заявілі, што працягваюць паспяховы наступ на Паўднёва-Данецкім напрамку і ў Запарожскай вобласці. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расійскія войскі наступаюць на Бахмут, Ліман і Аўдзееўку, на астатніх напрамках абараняюцца. У Амерыканскім інстытуце вывучэння вайны расказалі, што прамаруджванне Захаду з пастаўкамі ўзбраення не дало Украіне правесці маштабнейшыя контрнаступальныя аперацыі.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 341-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: расіяне нясуць страты
Расійскія войскі за мінулыя суткі нанеслі адзін авіяцыйны і тры ракетныя ўдары, адзін з якіх — па Харкаве, правялі 44 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню, у тым ліку па населеных пунктах. Ёсць параненыя і загінулыя сярод мірнага насельніцтва, паведаміў Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— На Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім напрамках з мінамётаў і артылерыі расійскія войскі абстралялі раёны 20 населеных пунктаў; на Купянскім — 12; на Ліманскім напрамку агнявое паражэнне зазналі сем населеных пунктаў; на Бахмуцкім — восем; на Аўдзееўскім— сем; на Навапаўлаўскім напрамку пад абстрэл расіян трапілі чатыры населеныя пункты; на Запарожскім напрамку ад агню артылерыі расійскіх войскаў пацярпелі раёны больш чым 15 населеных пунктаў; на Херсонскім расіянеабстралялі прыгарад і горад Херсон.
— Праціўнік вядзе наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Аўдзееўскім і Навапаўлаўскім напрамках. На іншых напрамках — абараняецца.
— Падраздзяленні Сіл абароны адбілі атакі расійскіх войскаў у раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці і Ямполаўка, Раздолаўка, Васюкоўка, Параскавіеўка, Бахмут, Іванаўскае, Кляшчэеўка, Курдзюмаўка і Азаранаўка Данецкай вобласці.
— Авіяцыя нанесла ўдар па зенітна-ракетным комплексе расійскіх войскаў і два ўдары па раёнах іх канцэнтрацыі.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі нанеслі ўдары па дзвюх радыёлакацыйных станцыях, складзе боепрыпасаў і яшчэ адным важным аб’екце праціўніка.
«Праціўнік надалей нясе страты. У адзін з мясцовых моргаў Горлаўкі Данецкай вобласці толькі 28 студзеня прывезлі каля 20 целаў загінулых акупантаў з раёнаў Навабахмутаўкі і Маёрска», — заявілі ў Генштабе УСУ.

Мінабароны РФ: збілі верталёт і два беспілотнікі
Міністэрства абароны Расіі заяўляе, што ўкраінскія войскі на ўсіх напрамках нясуць вялікія страты.
— На Купянскім напрамку артылерыя «Заходняй» групоўкі войскаў нанесла агнявое паражэнне жывой сіле і тэхніцы падраздзяленняў 14-й і 92-й механізаваных брыгад УСУ ў раёнах населеных пунктаў Цімкаўка і Круглякоўка Харкаўскай вобласці. Знішчаныя больш за 35 вайскоўцаў, баявая браніраваная машына і два аўтамабілі.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку артылерыя групоўкі войскаў «Цэнтр» нанесла паразу падраздзяленням 95-й дэсантна-штурмавой брыгады ў раёне населенага пункта Новаягораўка Луганскай вобласці. Страты УСУ за суткі на гэтым напрамку склалі да 40 вайскоўцаў, чатыры баявыя браніраваныя машыны і тры аўтамабілі.
— На Данецкім напрамку падчас актыўных наступальных дзеянняў «Паўднёвай» групоўкі войскаў за дзень знішчаныя больш за 70 украінскіх вайскоўцаў, адзін танк, баявая машына пяхоты, два пікапы, дзве баявыя машыны РСЗА «Град», гаўбіца Д-30 і радыёлакацыйная станцыя контрбатарэйнай барацьбы AN/TPQ-50.
— На Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках падраздзяленні групоўкі войскаў «Усход», працягваючы паспяховыя наступальныя дзеянні, занялі больш выгадныя рубяжы і нанеслі агнявое паражэнне падраздзяленням 1-й танкавай брыгады УСУ ў раёне населенага пункта Вуглядар Данецкай вобласці, а таксама 102-й брыгады тэрытарыяльнай абароны ў раёне населенага пункта Успенаўка Запарожскай вобласці. Агульныя страты УСУ на гэтых напрамках за суткі склалі да 25 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, гаўбіца Д-20, дзве гаўбіцы Д-30, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік».
— На Херсонскім напрамку падчас контрбатарэйнай барацьбы за суткі знішчаная адна самаходная артылерыйская ўстаноўка «Гваздзік» і склад з артылерыйскімі боепрыпасамі.
Усяго за суткі, паводле звестак МА РФ, аператыўна-тактычнай авіяцыяй, ракетнымі войскамі і артылерыяй нанесенае паражэнне 73-м артылерыйскім падраздзяленням УСУ, жывой сіле і ваеннай тэхніцы ў 138 раёнах. Збіты верталёт Мі-8 Паветраных сіл Украіны, знішчаныя два беспілотныя лётныя апараты, чатыры рэактыўныя снарады сістэм залпавага агню HIMARS і «Ураган», перахопленыя дзве супрацьрадыёлакацыйныя ракеты HARM.
Інстытут па вывучэнні вайны: затрымкі з пастаўкамі зброі Украіне могуць каштаваць ёй ініцыятывы
Затрымкі з адпраўкай Украіне заходніх сістэм далёкага агню, перадавых сістэм СПА і танкаў не далі Украіне скарыстацца расійскімі няўдачамі і правесці больш маштабныя контрнаступальныя аперацыі, гаворыцца ў свежай зводцы Інстытута па вывучэнні вайны (ISW).
Зрэшты, як адзначаюць у ISW, на затрымку контрнаступленняў паўплывалі і «фактары, уласцівыя ўкраінскім вайскоўцам, і ўкраінскія палітычныя рашэнні», аднак ацэньваць іх цяпер Інстытут не будзе.
«Але ва Украіны няма значнай айчыннай ваеннай прамысловасці, да якой можна было б звярнуцца пры адсутнасці падтрымкі Захаду», — падкрэсліваюць яны.
Эксперты адзначаюць:
— Заходнія ваенныя кансультацыі перад уварваннем 24 лютага дапамаглі ўкраінскім вайскоўцам супрацьстаяць першапачатковаму расійскаму ўварвання.
— Заходнія сістэмы ўзбраенняў, такія як супрацьтанкавая ракета «Джавелін», дапамаглі Украіне адбіць гэты націск і адкінуць расіян ад Кіева да першапачатковых пазіцый.
— Адпраўка ўдзельнікамі заходняй кааліцыі асноўных сістэм узбраенняў і боепрыпасаў савецкай эпохі падтрымлівала ўкраінскія ўзброеныя сілы цягам усёй вайны.
— Пастаўка дасканалейшых заходніх сістэм, такіх як 155-мм артылерыя амерыканскай вытворчасці (у красавіку), а затым HIMARS (у чэрвені), палегчыла ўкраінскія контрнаступленні, у выніку якіх вызвалілі большую частку Харкаўскай вобласці, а затым заходнюю частку Херсонскай вобласці.
— Прыбыццё заходніх сістэм СПА NASAMS у лістападзе дапамагло спыніць расійскія атакі на цывільную інфраструктуру Украіны.
Аналітыкі кажуць, што пасля вызвалення заходняй часткі Херсонскай вобласці 11 лістапада Украіна не змагла пачаць новае буйное контрнаступленне праз нежаданне Захаду пачаць пастаўкі дасканалейшых сістэм узбраення. Гэта дазволіла канфлікту перайсці ў пазіцыйную вайну, а расіянам — вярнуць сабе ініцыятыву.
Прыкметы таго, што расійскі наступ дасягне кульмінацыі і што заходняя зброя спатрэбіцца ў вялікіх маштабах, яскрава выявіліся ў канцы траўня — чэрвені. Калі Захад хацеў, каб вайна хутчэй скончылася і Украіна вызваліла акупаваныя тэрыторыі, яму варта было б у гэты час кардынальна змяніць падыход у адпраўцы дапамогі, кажуць эксперты. Яны адзначаюць, што яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня заходнія афіцыйныя асобы пачалі публічна заяўляць, што запасы ваеннай тэхнікі савецкіх часоў, якімі забяспечвалі Украіну, падыходзяць да канца.
«Калі б Захад пачаў працу па поўным пераводзе Украіны на свае сістэмы ўзбраення, калі неабходнасць у гэтым стала відавочнай летам 2022-га, можна было б стварыць умовы, якія дазваляюць Украіне працягнуць контрнаступальныя аперацыі пасля Херсона і тым самым пазбавіць расіян магчымасці перагрупаваць свае сілы і паспрабаваць вярнуць сабе ініцыятыву», — упэўненыя ў Інстытуце.
Там адзначаюць, што расійскі бок старана скарыстаўся гэтымі затрымкамі і, мабілізаваўшы чалавечыя рэсурсы і тэхніку, пачаў наступ на Бахмут. Украіна вымушаная была прыцягнуць дадатковыя сілы да абароны горада, а ўкраінскае камандаванне — адцягвацца на расійскія ракетныя атакі па цывільнай інфраструктуры. Усё гэта перашкодзіла падрыхтаваць далейшы контрнаступ. РФ таксама перадыслакавала часткі і ўмацавала луганскі ўчастак фронту, масавая мабілізацыя зняволеных хутка прывяла да з’яўлення дзясяткаў тысяч «салдат», якіх выкарыстоўвалі ў атаках. І хоць Расія несла «жудасныя страты», яна аказвала моцны ціск на ўкраінскіх абаронцаў у лістападзе, снежні і студзені.
Нядаўнія абавязанні Захаду па адпраўцы Украіне танкаў і бронетранспарцёраў важныя, але затрымкі з іх пастаўкай могуць каштаваць Украіне магчымасці контрнаступлення гэтай зімой, адзначаюць аналітыкі. У ISW папярэджваюць, што расійскія сілы, імаверна, рыхтуюцца пачаць уласнае наступленне ў Луганскай вобласці і ўзмацняюць свае дзеянні ў раёне Бахмута.
Цяперашнія і планаваныя расійскія наступленні, хутчэй за ўсё, завершацца без дасягнення вырашальнага аператыўнага поспеху і такім чынам, што цалкам могуць стварыць спрыяльныя ўмовы для ўкраінскіх контрнаступленняў, асабліва пасля таго як Украіна атрымае заходнія танкі. ISW працягвае лічыць, што Украіна можа вызваліць крытычную тэрыторыю пры цяперашнім і абяцаным узроўні падтрымкі Захаду, і што гэта пытанне жыццёва важных нацыянальных інтарэсаў не толькі Украіны, але і Злучаных Штатаў і іх заходніх партнёраў.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- расійскія крыніцы сцвярджалі, што ўкраінскія сілы працягвалі контрнаступленне ў раёне населенага пункта Куземаўка (прыкладна за 16 км на паўночны захад ад Сватава);
- украінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што ўкраінскія сілы працягвалі адбіваць абмежаваныя контратакі расійскіх вайскоўцаў на захад і поўдзень ад Крамянной;
- Прыгожын паведаміў, што 29 студзеня сілы «Вагнера» захапілі Благадатнае (прыкладна за 12 км на паўночны ўсход ад Бахмута);
- расійскія сілы працягвалі наносіць наземныя ўдары ў раёнах Бахмута і Данецка — Аўдзееўкі;
- украінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што ўкраінскія сілы адбілі атакі паблізу населенага пункта Перамога (4 км на паўднёвы ўсход ад Данецка) і горада Вуглядар. Расійскія крыніцы сцвярджаюць, што баявыя дзеянні вядуцца на захад і ўсход ад Вуглядара;
- расійскія крыніцы не паведамлялі пра якія-кольвек расійскія наземныя нападзенні ў Запарожскай вобласці 29 студзеня — трэці дзень запар. Украінскія сілы нанеслі ўдар HIMARS па мосце за 20 км на паўночны ўсход ад Мелітопаля;
- расійскія сілы працягвалі весці агонь па Херсоне і іншых населеных пунктах на заходнім (правым) беразе Дняпра. Дарадца Херсонскай абласной адміністрацыі Сяргей Хлань паведаміў, што расійскія сілы выкарыстоўвалі запальныя боепрыпасы для абстрэлу Берыслава;
- расійскія ўлады працягваюць ствараць умовы для другой хвалі мабілізацыі: кіраўнік камітэта Дзярждумы па абароне Андрэй Картаполаў заявіў 28 студзеня, што камітэт разглядае больш за 20 законаў аб адтэрміноўцы па мабілізацыі;
- у Генштабе Украіны пацвердзілі, што па стане на 29 студзеня фарміравання ўдарнай групоўкі расійскіх войскаў у Беларусі не зафіксавана.