Беларуска Юлія жыве ў Польшчы разам з сям’ёй з 2021 года, вярнуцца дадому не можа праз удзел у пратэстах. З той самай прычыны дачцэ жанчыны не змаглі зрабіць новы беларускі пашпарт, замест яго дзяўчынка атрымала польскі праязны дакумент (яго часта называюць пашпартам замежніка). Ніякіх праблем з ім не было. Да нядаўняга часу, калі на мінулым тыдні дачку Юліі не пусцілі ў самалёт. Даведаліся падрабязнасці і спыталі ў юрысткі, што рабіць у такіх выпадках.
«Доўгачаканы сумесны адпачынак абярнуўся велізарным стрэсам»
Сям’я Юліі з’ехала з Беларусі праз удзел у пратэстах. Калі год таму ў старэйшай дачкі скончыўся пашпарт, 12-гадовай дзяўчынцы зрабілі польскі праязны дакумент.
— Мы ўжо неаднаразова лёталі ў краіны ЕС, ніякіх праблем ніколі не ўзнікала. Але нядаўна сабраліся ўсёй сям’ёй вылятаць на адпачынак у Іспанію. Дачку не пусцілі на рэйс, матывуючы тым, што польскі праязны дакумент не дае падставаў падарожнічаць па ЕС. Нават калі ёсць пастаянны від на жыхарства ў Польшчы, — абурана расказвае яна.
У адпачынак разам з Юліяй ляцелі яе бацькі, муж і двое дзяцей. Калі ў супрацоўнікаў авіякампаніі ўзніклі пытанні да пашпарта дзяўчынкі, сама суразмоўніца разам з бацькамі і малодшым сынам ужо знаходзілася ў самалёце.
— Муж з дачкой ішлі следам, але іх спынілі і адвялі ўбок, папрасілі пачакаць дадатковай праверкі дакументаў, — успамінае беларуска. — Я пачала панікаваць, папрасіла даць слухаўку супрацоўніку аэрапорта, які правяраў пашпарты, спрабавала растлумачыць усё, але безвынікова. Рэйс праз нас затрымалі, доўга высвятлялі, што гэта наогул за дакумент такі, адпраўлялі ягоныя фатаграфіі ў галоўны офіс Ryanair. Але адказ прыйшоў адмоўны, дзіця не пусцілі на рэйс. Пераконванні, спробы нешта растлумачыць і даказаць ні да чога не прывялі. Нас паставілі перад выбарам: альбо мы ўсе неадкладна пакідаем самалёт і нікуды не ляцім, альбо застаецца толькі дачка. Муж сказаў мне ляцець з сынам і бацькамі, бо іначай згарэла б і незваротная бронь арэнднай кватэры, і білеты ў абодва бакі. Сам ён, натуральна, застаўся з дачкой. Сказаць, што мы ў шоку, — не сказаць нічога. Дзеці ў слязах, доўгачаканы сумесны адпачынак абярнуўся для ўсіх велізарным стрэсам і страчанымі грашыма.
Беларуска і яе муж прасілі ў авіякампаніі выдаць пісьмовы дакумент пра адмову ў пералёце, але там гэтага не зрабілі, расказвае суразмоўніца. Паводле Юліі, ім паабяцалі, што адпаведная інфармацыя з’явіцца ў асабістым кабінеце, але пакуль так нічога і не прыйшло.
Юрыстка: «У выпадку з праязным дакументам яны, безумоўна, не маюць рацыі»
Аргумент авіякампаніі пра тое, што польскі праязны дакумент — не падстава для падарожжаў і перасячэння мяжы, няслушны, тлумачыць юрыстка Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская.
Рэч у тым, што ў арт. 253 польскага Закона «Пра замежнікаў» дакладна не прапісана, што гэты дакумент пацвярджае асобу. Але мне ўдалося выбіць з Міністэрства ўнутраных справаў тлумачэнне пра тое, што праязны дакумент усё ж пацвярджае асобу і дазваляе перасякаць мяжу. То-бок па многіх функцыях такі дакумент адпавядае пашпарту грамадзяніна Польшчы. Усё гэта нячастая гісторыя. Да 2020 года ў Польшчы выдалі зусім мала такіх дакументаў. І, адпаведна, вельмі многія і прыватныя кампаніі, і дзяржаўныя органы не разумеюць, што гэта, і ім прасцей адмовіць, чым разбірацца. Таму, на жаль, такое будзе адбывацца.

Перад тым як ляцець кудысьці з пашпартам замежніка, Вольга раіць старанна рыхтавацца. Па-першае, дакладна разумець, што ён з сябе ўяўляе і якія правы дае. А па-другое, загадзя раздрукаваць дакументы, якія пацвердзяць вашую рацыю.
— Гэта можа быць польскі закон «Пра замежнікаў», яго інтэрпрэтацыя, пра якую я ўжо казала, — пералічвае спецыялістка. — А таксама адпаведныя законы той краіны, у якую вы едзеце. Мне нядаўна таксама кліенты казалі, што вельмі добра, што атрымалі тлумачэнне, але яно працуе толькі ў Польшчы. А калі не пускалі ў самалёт у Італіі, нават тлумачэнне не дапамагло. У такім выпадку можна звяртацца да еўрапейскага заканадаўства, якое рэгулюе выдачу дакументаў на еўрапейскім узроўні. Напрыклад, спасылацца на арт. 25 Дырэктывы ЕС, у якой наўпрост гаворыцца, што пашпарт замежніка прызначаны для выезду за тэрыторыю краіны. Бо польскі праязны дакумент — гэта адзін з дакументаў, якія выдаюць уладальнікам дадатковай абароны. Мы ў ЦБС пастараемся апублікаваць нейкія вытрымкі з еўрапейскага заканадаўства, каб людзі маглі імі карыстацца. На жаль, рызыку можна толькі мінімізаваць. Як бы вы ні падрыхтаваліся, няма поўнай упэўненасці, што прыватная кампанія ў нейкі момант не скажа: «А мы не ведаем, што гэта за дакументы».
Асобна перад паездкай, адзначае Дабравольская, варта разабрацца, ці патрэбная вам віза той краіны, у якую вы леціце. Так, перамяшчацца па краінах ЕС з польскім пашпартам замежніка можна, а вось за яго межамі ёсць нюансы.
— Мы заўважылі, што ў асноўным у заканадаўстве іншых краін прапісанае не кола асоб (грамадзяне Беларусі), а дакументы (пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь). Таму калі ў краіны бязвіз для беларусаў, гэта не значыць, што з праязным дакументам Польшчы вы таксама можаце ехаць без візы, — кажа яна. — Лепш за ўсё ўдакладняць гэта ў амбасадзе краіны, куды вы едзеце.
Калі ж вы ўжо знаходзіцеся ў аэрапорце, а вас не хочуць пускаць у самалёт, самае галоўнае, раіць юрыстка, — гэта захоўваць спакой і паказваць падрыхтаваныя дакументы.
— Трэба настойваць, каб супрацоўнікі авіякампаніі азнаёміліся з заканадаўствам, з атрыманым намі тлумачэннем (калі гаворка пра Польшчу), прасіць запрасіць кіраўніцтва і тлумачыць сітуацыю ім, — кажа Вольга. — Бывае так, што інфармацыю могуць разаслаць у міністэрствы, але яна не дойдзе, напрыклад, да супрацоўнікаў пошты. Альбо шараговыя супрацоўнікі проста могуць не ведаць, як інтэрпрэтаваць тыя ці іншыя дакументы, або ў цэлым пра існаванне тых ці іншых палажэнняў. Такое ў нашай практыцы здаралася. Таму важна проста па парадку расказваць, што ў вас за дакумент, паказваць вытрымкі з закона. Памятайце, што, хутчэй за ўсё, інфармацыя новая і што чыноўнікам, што іншым людзям не вельмі хочацца ў гэта ўсё заглыбляцца. Таму перш за ўсё вы мусіце самі разумець, што да чаго, і настойваць, каб і яны азнаёміліся.
На жаль, зыходзячы з практыкі юрыстаў, нават спакойнае прадстаўленне спасылак на закон не можа гарантаваць, што да вас прыслухаюцца і пусцяць на рэйс. З пункту гледжання закона авіякампанія сапраўды можа так зрабіць, тлумачыць суразмоўніца:
— Прыватная кампанія ўпаўнаважаная не аказваць паслугу, калі яны сумняваюцца ў наяўнасці або сапраўднасці дакументаў. Але пашпарт замежніка сапраўды дазваляе перасякаць мяжу, і ў гэтым выпадку яны, безумоўна, не маюць рацыі. І я б рэкамендавала пісаць скаргу. На жаль, з прыватнымі кампаніямі звычайна такія пытанні вырашаюцца ў індывідуальным парадку: Гэта скарга канкрэтнага чалавека, які пацярпеў ад таго, што яму адмовілі ў паслузе. І мы не можам разбірацца з такімі выпадкамі на дзяржаўным узроўні. Таксама можна звярнуцца ў суд або да ўпаўнаважанага па правах спажыўцоў.
Тут спецыялістка прыводзіць прыклад: яе калегу не так даўно таксама не пусцілі на самалёт. Пасля гэтага жанчына падала скаргу, і цяпер вырашаецца пытанне кампенсацыі за тое, што жанчына не змагла паляцець куды было трэба.
Жыць без магчымасці памяняць пашпарт — асаблівы род клопату. «Люстэрка» кампетэнтна і падрабязна піша пра складанасці, якія хвалююць беларусаў — у тым ліку тых, хто апынуўся далёка ад сваёй краіны.
Падтрымайце рэдакцыю, каб мы працягвалі адкрыта гаварыць пра праблемы
Калі вы знаходзіцеся не ў Беларусі, станьце патронам «Люстэрка» — журналісцкага праекта, якому вы дапамагаеце заставацца прафесійным і незалежным. Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.
Усё пра бяспеку і адказы на іншыя пытанні вы можаце даведацца па спасылцы.