У базе зваротаў КДБ, якую выклалі ў сеціва «Кіберпартызаны», «Люстэрка» знайшло тры лісты, іх напісаў доктар-беларус. Ён жыве ў Партугаліі і мае грамадзянства гэтай краіны. Цягам некалькіх гадоў медык настойліва прапаноўваў спецслужбе «добраахвотнае супрацоўніцтва». Расказваем падрабязнасці.
«Гатовы аказаць усялякае ўзаемадзеянне бязвыплатна»
Першы ліст у КДБ Алег даслаў у сакавіку 2016 года. Ён азагалоўлены «Прапанова пра добраахвотнае супрацоўніцтва».
«Я, [далей ідуць прозвішча, імя, імя па бацьку і дата нараджэння], ураджэнец Беларусі, які пастаянна пражывае ў Партугаліі і мае падвойнае грамадзянства (Беларусі і Партугаліі), маю вышэйшую медыцынскую адукацыю, жанаты, трое дзяцей. Прапаную добраахвотнае супрацоўніцтва», — напісаў ён.
Другі ліст датаваны снежнем 2019 года. «Я, вышэй заяўлены, знаходзячыся на пастаянным пражыванні ў Партугаліі (Азорскія астравы), маючы падвойнае грамадзянства, гатовы на супрацоўніцтва пры ўзнікненні неабходнасці», — паведаміў медык.
Трэці ліст на сайт КДБ ён адправіў у лістападзе 2021 года: «Я, што ніжэй падаў дакументы і прадставіўся, гатовы аказаць, пры неабходнасці, усялякае ўзаемадзеянне ў межах маіх магчымасцяў, бязвыплатна».
Да лістоў прыкладаліся партугальскія адрасы пражывання доктара і нумары яго тэлефонаў.
Працаваў у вайсковым шпіталі ў Анголе і рэпосціў Маргарыту Сіманьян
«Зеркало» знайшло старонку Алега ў LinkedIn. Тамсама размешчанае рэзюмэ са спісам месцаў яго навучання і працы. З яго вынікае, што доктар скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт у 2001 годзе. Потым працаваў у сталіцы: у 9-й гарадской клінічнай бальніцы і «Мінскай кардыялагічнай клініцы» (магчыма, маецца на ўвазе РНПЦ «Кардыялогія»).
Потым жыў у Анголе і працаваў у вайсковым шпіталі ўзброеных сіл. Пасля чаго вярнуўся ў Мінск і ўладкаваўся ў Інстытут фізіялогіі Акадэміі навук.
Мяркуючы з рэзюмэ беларуса, у Партугалію мужчына перабраўся, хутчэй за ўсё, у перыяд з 2008 да 2010 года. Ён піша, што працаваў доктарам на розных прадпрыемствах. У яго абавязкі ўваходзіў «нагляд за гігіенай, бяспекай працы і здароўем работнікаў». Таксама на пару гадоў ён зноў з’ездзіў у Анголу, адпрацаваў там у адным з медцэнтраў Луанды.
У Партугаліі Алег скончыў інтэрнатуру і аспірантуру. Апошняе названае ў рэзюмэ месца працы (з 2017 года) — сямейны доктар-стажор у медцэнтры на партугальскім востраве Сан-Мігель (уваходзіць у архіпелаг Азорскіх астравоў).
У сацсетцы X (былы Twiiter) Алег актыўнічаў да 2021 года. Там ён рэкламаваў цэнтр аднаўлення здароўя для залежных людзей на Азорскіх астравах. Магчыма, гэта яшчэ адно месца яго працы — цяпер сайт цэнтра не адкрываецца.
Падчас пандэміі медык актыўна рэпосціў паведамленні пра бяспеку і эфектыўнасць расійскай вакцыны Sputnik V. Акрамя таго, у стужцы Алега да 2018 года можна знайсці мноства рэпостаў твітаў прапагандысткі Маргарыты Сіманьян і спасылак на расійскія дзяржаўныя медыя (напрыклад, РІА «Новости»).
«Люстэрка» спрабавала атрымаць каментар у медыка, які так актыўна прапаноўваў беларускаму КДБ свае паслугі. Мы хацелі даведацца, навошта яму гэта трэба і ці пагадзіўся Камітэт дзяржбяспекі. Але на званкі і ліст журналіста ён не адказаў.
Чытайце таксама