Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Если вы гадаете, бежать ли за дешевым долларом или подождать еще немного, чтоб его курс еще больше упал, то для вас есть прогноз эксперта
  2. В России «обидели» беларусское предприятие, которое поставляет в эту страну военную оптику. Идут судебные разборки, их «засекретили»
  3. «Больше всего на Гомельщине». После взлома «Гаюна» прошло более двух месяцев: что известно о связанных с этим задержаниях
  4. Россия заявила о дополнительных территориальных претензиях к Украине — о каких землях идет речь на этот раз
  5. Невероятное снижение доллара: опустится ли курс ниже 3 рублей? Прогноз по валютам
  6. Лукашенко потребовал поставить на место чиновников в Витебской области. Глава региона будет «не на ногах ходить», а «на руках или голове»
  7. Помните парня, бежавшего за водометом в 2020-м? Его искали силовики, но нашли журналисты «Зеркала» — поговорили с ним
  8. Сколько зарабатывает компания Баскова на созданном под Лукашенко бренде одежды. Похоже, она получает налоговые «плюшки» — подробности
  9. Лукашенко съездил в Шклов и нашел то, что будут «лепить по всей Беларуси»
  10. БелЖД предложила Литве, Латвии и Польше возобновить прямое пассажирское сообщение
  11. Администрация Трампа выдвинула Киеву условия для завершения войны, включая признание Крыма российским и отказ от НАТО — WSJ
  12. «Ты сто человек таких увидишь за день». Беларусы, которых вербовал КГБ, рассказали, как узнать «агента» и не сказать случайно лишнего
  13. «Роман делает даже немного больше, чем требовалось». Интервью со Степаном Путило о списке Forbes, Протасевиче и будущем протеста
  14. Умер папа Франциск
  15. Забывчивым беларусам пригрозили «административкой» — кто и за что на этот раз
  16. Папа Франциск: латиноамериканец, изменивший Рим и Католическую церковь
  17. Сначала — супердоступ силовикам, а теперь — запуск посредника при заказах из зарубежных интернет-магазинов. У чиновников — новая идея
  18. «Мы не придурошная Европа». Пропаганда бросилась защищать взорвавшую соцсети идею Лукашенко переселить в Беларусь 150 тысяч пакистанцев
Читать по-русски


У канцы верасня 2020-га Яна Клюева раптам стала адным з самых пазнавальных твараў пратэсту. Кадры з моманту, калі дзяўчыну пасля маршу адводзіў у аўтазак АМАП у Мінску, многія запомнілі па фразе «Ты затрымліваеш мяне, але робіш гэта без павагі». Сама Яна тады, здаецца, зусім не спалохалася і толькі прапаноўвала сілавікам зацягнуцца яе ж цыгарэтай. Тыя здымкі сталі папулярнымі і мемнымі, а мужчыны ў каментарах і пастах у сацсетках пісалі, што хацелі б ажаніцца з такой беларускай. Дзе яна цяпер, чым займаецца і ці вольнае яе сэрца? «Люстэрка» пагаварыла з 33-гадовай байкеркай.

Яна Клюева во время задержания в Минске 20 сентября 2020 года. Фото: ТАСС
Яна Клюева падчас затрымання ў Мінску 20 верасня 2020 года. Фота: ТАСС

«Я стала спакайнейшай, але порах у парахаўніцы яшчэ ёсць і патрабуе нейкага выхаду»

— Пасля таго затрымання і здымка многія называлі вас дзёрзкай, вельмі смелай і нават бясстрашнай. Як вам тады здавалася, людзі слушна зразумелі ваш характар з некалькіх фота?

— Мяне наогул у першую чаргу здзівіла існаванне тых фатаграфій. Я яшчэ не даехала дадому, а ўжо скідваюць некуды там… А так — не ведаю, напэўна, заўсёды можна было зрабіць больш. Больш агрызнуцца, можа, больш на нервы падзейнічаць, нешта выказаць. Яно тады наогул усё па-іншаму бачылася. На адрэналіне.

— Так, спалоханай там вас не назавеш.

— А там і часу не было! Я тады настолькі стамілася, хацелася дадому трапіць, а тут яшчэ і не трапіла, затрымалі.

— Вы па жыцці такая, як на гэтым фота, ці проста так супала?

— Ой, гэта эпізодамі. Часам мне хочацца пабыць якім-небудзь багецікам, паляжаць дзе-небудзь сабе спакойненька, а часам — аж так, трэба калупнуць кагосьці. Божа, як жа гэта сказаць… Не тое каб на нервы камусьці падзейнічаць — ну, неяк жыццё разнастаіць, перчыны дадаць, разбавіць шэрыя сумныя будні.

— Успамінаеце той дзень? Памятаеце, пра што тады гаварылі з амапаўцамі, якая рэакцыя была ў іх вачах?

— Ну так, яны былі нейкія такія дурненькія, пацешныя. Аж хацелася з іх паздзекавацца. Я, можа, злосны чалавек, але неяк так. Яны так сябе паводзілі, што ну як можна было прапусціць гэтую магчымасць і не падкалоць? Яго аж трасе, а мяне ад гэтага яшчэ больш трасе і аж хочацца накінуць на вентылятар! Так што ўжо стрымлівалася, бо разумела: яшчэ трошкі — і адхаплю. Ва УУС былі такія размовы, як павучанні бацькоўскія, — у стылі «чаго вам не сядзелася». Але [самі амапаўцы былі] нейкія нервовыя, тузаліся, таму іх і хацелася яшчэ неяк падкалоць.

— З вамі ніхто з дзейных ці былых супрацоўнікаў не звязваўся пасля з’яўлення таго фота?

— Не. Але я перыядычна даведваюся, ці цікавіцца мной хтосьці ў Беларусі. Кожны раз, калі чую адказ «не», думаю: гэта ж наогул ні чарта не значыць. Бо на кожнага ёсць інфармацыя — умоўная папачка на ўсіх, хто засвяціўся і ў якой ступені. І рызыкаваць наогул не хочацца, нягледзячы на тое, што «ніхто нікім не цікавіцца і каму вы там наогул патрэбныя». Не думаю, што заводзіць крымінальныя справы на тых, хто з’ехаў — рэдкая практыка.

Яна Клюева в Польше. Фото предоставлено собеседницей
Яна Клюева ў Польшчы. Фота ад суразмоўніцы

— Вы змяніліся з таго часу? Апошнія гады былі складанымі для многіх.

— Мабыць, змянілася. Бяспека дае сваё. Пакуль была там, у Беларусі, ад пастаяннага стрэсу ў мяне ўжо проста кукуха ад’язджала. Тут па інерцыі яшчэ нейкі час яна працягвала ад’язджаць, але ўжо запавольвалася. А потым паволі ўсё спынілася. Нейкі момант быў пераломны, свайго роду катарсіс, [калі я сабе казала]: «Усё. Усведамляй, што ўжо ўсё». Ну і далей пачало, здаецца, наладжвацца. Са стану пастаяннага стрэсу нават у руцінку перакінулася — дом, праца, сабака, нейкія закупы, гатаванне дурное. У абсалютна, зусім не характэрную руціну. Але, шчыра кажучы, за апошнія колькі гадоў у Беларусі, калі ўсё не ішло ці ішло не так, як хацелася, наперакасяк, я ўжо, напэўна, адчуваю сябе такой бабулечкай, якая хоча з’ехаць куды-небудзь у вёсачку, сесці на лавачку і проста атрымліваць асалоду ад жыцця. Вось яно, гэтае жыццё, ёсць, усё добра.

Але мне яшчэ не столькі гадоў, каб сесці на лавачку. Порах у парахаўніцы яшчэ ёсць і патрабуе нейкага выхаду. Але ў цэлым я адназначна стала спакайнейшая.

— Замест лавачкі пакуль — на матацыкл? Акурат, мабыць, сезон пачаўся.

— Пакуль не, з матацыклам ідзе пераафармленне польскіх нумароў. Ён мяне трошкі чакае. А так фіг яго ведае… Цяпер яшчэ такія дажджы, што проста кашмар! Я, шчыра кажучы, ужо старая, ужо берагу калені. Магу нароўні з бабулямі абмяркоўваць, што ў мяне «страляе» на гэтыя перамены надвор’я. Сёння вось ціск ляснуўся (смяецца). Я ўжо ў тым узросце, калі магу цалкам спакойна з любым чалавекам падтрымаць гутарку пра лекі, самаадчуванне і гэтак далей. «Прастрэл» у спіне — на раз-два! Ды і пакуль няма калі па матацыкле сумаваць.

«Дагэтуль, калі ўсплывае ў размове Беларусь, пачынаецца: „А, там жа ў вас гэты!“»

— Раскажыце, як вы цяпер, дзе. Усё гэтак жа ў Варшаве, як і пасля ад’езду ў снежні 2020-га?

— Не, я ўжо гады два, напэўна, у Кракаве. Пераехала праз навучанне — паступіла ў Ягелонскі ўніверсітэт (найстаражытнейшая і адна з найбуйнейшых у Польшчы, адна з найстарэйшых ВНУ ў Еўропе. — Заўв. рэд.) на спецыяльнасць «аналіз медыя». Гэты ўніверсітэт быў наогул такой маленькай марай. Яшчэ ў Беларусі я планавала зрабіць карту паляка і хацела паступіць, але не паспела. А потым, калі з’ехала, пайшла на «каліну» (стыпендыяльная праграма імя Каліноўскага. — Заўв. рэд.), а пасля — сюды, у Кракаў, у магістратуру. І ўнівер класны, і спецыяльнасць таксама цікавая.

— Як у Польшчы з выкладаннем і журналістыкай — адчуваеце розніцу з Беларуссю?

— Цікава. Бакалаўрыят у мяне быў беларускі (я вучылася ў лінгвістычным на настаўніка англійскай), а магістратура — польская, і розніца рэальна ёсць. Проста ва ўсім. Прыходзіш ва ўнівер і разумееш, што ніхто нічога не баіцца сказаць з нагоды парадку дня, нейкіх падзей ці яшчэ чагосьці, выказаць свой пункт гледжання. Гэта выдатна. Ну і ў плане выкладання — мне здаецца, у Польшчы трэба больш самім перапрацоўваць інфармацыю. Тут найперш даюць аснову, нейкія нюансы, а дэталёвае вывучэнне — самастойна. Бывала, вядома, «жах, кашмар, сесія, як мы гэта перажывём!» Але гэта было шалёна цікава.

— Што можаце пра беларускія СМІ сказаць?

— Ох, беларускія СМІ — гэта фантастыка! У нас быў прадмет, на якім закраналі прапаганду і яе механізмы, — цудоўны і сам прадмет, і выкладчык. З нагоды нейкіх рэчаў я з ім нават магла паспрачацца, а пэўныя экзаменацыйныя моманты, напрыклад, пісала, грунтуючыся на падзеях у Беларусі. Можа, у мяне нават перавага была ў гэтым плане. Дык вось зразумела, што прапаганда ёсць усюды і ўсюды свая, але настолькі па-чорнаму [рабіць] - гэта ж проста сорамна! Цяпер у працах я наш ддосвед ужо не апісваю. Гэта было надзённа ў 2020−2021-м, а ў 2023, 2024-ы цягнуць — гэта неяк… Ну і з іншага боку, можна ў гэтым паварыцца, але я ў гэтым сэнсе Амерыку не адкрыю. Беларуская прапаганда, у прынцыпе, таксама ж не адкрыла Амерыкі — можа, нейкія камбінацыі рабілі, але нічога супер-пупер новага.

Беларусь у гэтым плане — нейкая краіна цудаў. Дагэтуль, калі ўсплывае ў размове нейкім чынам, пачынаецца вось гэта: «А што, праўда ў вас такое адбылося?» Ці «А, там жа ў вас гэты!» І потым ідзе яшчэ якое-небудзь слова ёмістае. Кажу: так, там у нас гэты. А пасля яго адразу Пуціна ўспамінаюць. Такія «мы з Тамарай ходзім парай». Але я за навінамі менш сачу, стараюся сябе ад медыя агароджваць — ладжу інфармацыйныя галадоўкі, каб не вяртацца зноў у той стан.

— Дзе працуеце цяпер?

— У аўтсорсінгавай кампаніі. Яна наогул французская, але камунікую з палякамі.

— Паспяваеце сумяшчаць навучанне з працай? Даяце рады?

— Ды не асабліва даю рады, калі шчыра. Гэта цяжка. Мне здаецца, што я ўжо зусім нічога не магу. Але што рабіць.

— Я акурат хацела спытаць, ці цяжкае жыццё эмігранта.

— Ну, як сказаць. Нібыта ўвайшла ў каляіну, усё ў парадку, але потым нешта ды лясне. Карацей, без прыколаў не абыходзіцца. Дзесьці нейкія эмігранцкія плёткі, смешачкі, дзесьці нейкія звычайныя пытанні кшталту мельдунка (рэгістрацыя па месцы жыхарства ў Польшчы. — Заўв. рэд.). Проста не хапае часу, каб усё нармальна зрабіць. Занадта мала гадзін у сутках — вось бы ў два разы больш!

— Ці пазнаюць вас беларусы? Ведаю, што, калі вы толькі пераехалі, у Варшаве такія выпадкі былі.

— У цэлым, перыядычна бывае. У Варшаве мяне раз ці два аж пазналі, я была ў шоку. А цяпер неяк усё сцішылася. І дзякуй богу, у прынцыпе. Бо я сябе неяк няёмка адчуваю. Чыста гіпатэтычная сітуацыя: нейкі чалавек на вуліцы (незразумела хто і адкуль) — ён цябе ведае, а ты яго не. Што рабіць? Ды і я неяк стараюся ў дыяспару не залазіць.

«Самыя смелыя і дзёрзкія засталіся ў краіне»

— Першы час у эміграцыі вы казалі, што стараецеся пратэсты не ўспамінаць. Цяпер усё гэтак жа ці эмоцыі прытупіліся?

— З часам усё ж неяк прытупляецца. Тады, адразу пасля пераезду ў Польшчу, я яшчэ ад «бусікаў» шарахалася — было такое сабе. А так, ужо, вядома, не.

— Што яшчэ вас звязвае з Беларуссю?

— З аднаго боку, сумую, а з іншага — зусім адвыкла ад таго, як жыла раней. Проста ўсё, блін, цяпер неяк па-іншаму! Ужо вельмі-вельмі многія не ў Беларусі. Атрымліваецца, сумую па нейкіх добрых успамінах.

Я наогул не пашкадавала, што з’ехала. Шчыра кажучы, у мяне тады ўжо, за месяц да ад’езду, пачалі здаваць нервы, псіхалагічныя кансультацыі пайшлі ў ход. Далей у маім выпадку было б дакладна горш. Думаю, да мяне дайшлі б з «крыміналкай» — гэта было пытанне часу. Гэта ж таксама адзін з механізмаў прапаганды — так зручна запалохваць затрыманых. У мяне, напрыклад, бацька памёр яшчэ ў пачатку 2020-га і засталася мама. Вось мяне б закрылі, напрыклад, за тое, што я нейкія ўмоўныя столі не той фарбай фарбавала, — а мамай было б максімальна зручна маніпуляваць. Запалохваць натоўп. Паказаць, маўляў, ніхто не забыты, нішто не забытае. Ну, калі за рэпост ужо саджаюць на суткі…

— Цяжка было маму пакідаць адну?

— Гэта ў любым выпадку нялёгка. Мама — гэта мама. Плюс там у яе нейкая адаптацыя, тут з ёй стэлефаноўваемся пастаяна. І пра нешта ёй раскажаш, а пра нешта прамаўчыш. Спадзяюся, яна гэтага не прачытае (смяецца)! Са снежня 2020-га, як я з’ехала, мы пакуль яшчэ не бачыліся. Але я б не сказала, што гэта вельмі цяжка. Мама ніколі ў мяне над душой не стаяла, не кантралявала, каб, умоўна, было нагатавана, посуд памыты і талерачкі стаялі на адзін бок. Ну, а так, так, вядома. Дзесьці і не папрыпрыколваешся, і яна, як раней, не пабурчыць, калі я нечым грымлю на кухні.

— Многія тады — не ведаю, жартам ці ўсур'ёз — казалі, што хацелі б паклікаць вас замуж. І вы расказвалі, што не заўсёды прыемная была гэтая ўвага. Як з асабістым жыццём цяпер — у беларускіх хлопцаў яшчэ ёсць шанцы?

— Спадзяюся, гэта было жартам (смяецца)! А так я не свабодная, але і не замужам. Гэта той фармат, які мяне задавальняе больш за ўсё. Мы пазнаёміліся тут, у Польшчы, ужо колькі гадоў жывём разам, з Варшавы ў Кракаў перабіраліся разам. Цалкам усё сур’ёзна, але без стандартных штампаў і нейкіх там клішэ.

— Ваш малады чалавек — беларус ці паляк?

— Гэта я пакіну ў сакрэце (усміхаецца).

— Але ён бачыў тыя самыя фота?

— Ну, так.

— Сабака ў вас таксама ўжо ў польскай частцы жыцця з’явіўся?

— Так, французскага бульдога Вушы я завяла ў кастрычніку 2021-га. Яна полька і адна з прычын, чаму ў мяне пайшла польская мова. Бо, вядома, трэба было і да ветэрынараў ездзіць, і наогул з сабачнікамі нейкія размовы падтрымліваць. Яна мне добры пендаль дала. Калі прыязджаеш, у цябе тут нікога няма. Пакуль «разнюхаешся», знойдзеш кагосьці, нават каб проста пагутарыць. А з сабакам гэта прасцей. Выходзіш на вуліцу — там іншыя сабакі, і ўсе: «Ой, якая! А можна, мы падыдзем?» Потым стаім, як выхавальнікі ў дзіцячым садку, глядзім, як яны шалеюць, і размаўляем, і ўсё неяк само сабой ідзе.

Яна Клюева в Польше. Фото предоставлено собеседницей
Яна Клюева ў Польшчы. Фота ад суразмоўніцы

— Што яна прынесла ў вашае жыццё?

— Новых сяброў. Зноў жа, польскую. Плюс гэта такі антыстрэс! Здавалася б, сабака і сабака, а з іншага боку, яны ж, заразы, эмпатычныя страшна. Прыйдзе, прыціснецца ў патрэбны момант, у патрэбнае месца — і ўсё, і ўжо не так цяжка, не так ужо і кепска.

— Што ў вас яшчэ засталося — якія старыя звычкі з таго, мінскага жыцця?

— О-о-о (смяецца)! Што ў мяне засталося… Са сквапнасці накупляць прадуктаў на зніжках і прыгатаваць столькі, што потым усё немагчыма з’есці. Я не ведаю, адкуль яно і навошта ўзялося, — можа, гэта такая сумесь а-ля адразу пасля пераезду. Вось гэтае пачуццё: «О, зніжачкі!» Яшчэ я днямі кайфанула ад гандлёвай нядзелі (у Польшчы крамы і гандлёвыя цэнтры не працуюць у нядзелі, выключэнні — некаторыя перадсвяточныя дні. — Заўв. рэд.). Засталася яшчэ гэтая звычка схадзіць у нядзелю закупіцца. Даляры, дарэчы, не мяняю — нават не ведаю, які курс. Так што, калі пакапацца, нейкія моманты яшчэ ёсць.

— Каго б вы з беларусаў, хто так ці інакш удзельнічаў у падзеях 2020-га, назвалі б смелым і бясстрашным ці смелай і бясстрашнай?

— Мне здаецца, самыя смелыя і дзёрзкія пасля ўсіх тых падзей засталіся ў краіне. У мяне нават дзесьці была фотка з Нінай Багінскай — наогул фенаменальная жанчына. Проста фенаменальная! І колькі гадоў яна ўжо змагаецца з гэтым рэжымам як можа. Яна проста нязломная. А так складана назваць кагосьці аднаго. Гэта проста немагчыма. Там засталося занадта шмат людзей, якія не падтрымліваюць гэты рэжым, але жывуць у краіне. І засталіся не таму, што «а куды мы паедзем», — яны так выбралі. Гэта, мне здаецца, смела.

«Дзяржапарат — рыхтык такі хвошч. Нікому нах**н не патрэбны, але вельмі добра ўкараніўся»

— Усё, што адбылося — тыя затрыманні, фота, ад’езд, — гэта ў плюс для вас абярнулася ці ў мінус? Вы задаволеныя тым, як вашае жыццё склалася?

— Адназначна ў плюс. Вельмі вялікі плюс. Так, патрапала, але, з іншага боку, тут і цяпер у мяне больш магчымасцяў, чым было б там, калі б засталася. Я б не сказала, што моцна сумую праз тое, што мяне краіна выпхнула. Можа, яна мяне не асабліва і выпіхвала, — проста такія ўмовы былі, што я сама вырашыла з’ехаць. Ды і калі б засталася, працавала б, хутчэй за ўсё, толькі на псіхатэрапеўта. Тут я сама пакуль яшчэ вывожу. Можа, з дапамогай сяброў. Плюс, ёсць яшчэ гэтая вушастая псіхалагіня Вушы — яна сапраўды памочніца тая яшчэ. Глядзіць так, нібыта ўсё разумее. Яна суперутульная, яна ўсё прымае, нібыта кажа: «Ты не перажывай, мы зараз з табой ляжам паспім — і ўсё міне». І рэальна ўсё мінае.

— У старых інтэрв'ю вы казалі, што не разглядаеце варыянту вяртання дадому, пакуль там цяперашняя ўлада. Прайшло яшчэ больш часу, вы больш асіміляваліся. Як цяпер на гэта гледзіце?

— Я не ведаю. Беларусь — я нават не ведаю, як цяпер яе апісаць. Яна нават не Расія, не Паўночная Карэя — настолькі самабытная ў сваёй хатняй тыраніі, што проста фантастыка. Няма з кім нават параўнаць асабліва. Але ў цэлым я прыехала б пасля змены ўлады адназначна. Пытанне, як доўга гэтая змена будзе ісці. Цяпер я нават не ўяўляю сітуацыі, калі магла б падумаць: ну ўсё, з’езджу, там ужо бяспечна. А ехаць усляпую, каб потым думаць, як выехаць, — не. Зразумела, што і адзін, і другі [Пуцін і Лукашэнка] не вечныя. Але хто будзе потым, калі гэтыя скончацца? Там жа 100% не адбудзецца нейкага цуду, гэтая дурная жалезная заслона, уся гэтая прапаганда — яна ж нікуды не знікне. Трэба мяняць усё кардынальна.

Гэта вельмі сумна, але ўсё настолькі ўкаранілася. Можа, яшчэ гадоў 100 таму, калі я была маленькай і мы ездзілі на лецішча, нас трэба было чымсьці заняць. А лецішча — гэта, натуральна, агарод. І памятаю, як мы праполвалі хвошч. У яго развітая каранёвая сістэма, і гэта такая зараза! Можна вырваць адзін, але ў яго ж там проста трубаправод нейкі пад зямлёй! І пакуль усю гэтую карніну кіламетровую выкапаеш, ды яшчэ так, каб яна нідзе не парвалася — інакш застанецца і далей пойдзе расці. Дык вось тут тое самае. Вось гэты дзяржапарат — рыхтык такі хвошч. Нікому нах**н не патрэбны, але вельмі добра ўкараніўся.

— Што трэба, каб яго выкарчаваць, і колькі часу гэта зойме?

— Я б, вядома, сказала, што матыка. Яна ўніверсальная не толькі для агарода. Але гэта неяк… (смяецца)

— Вяртацца ў Беларусь і жыць там пастаянна — такога варыянту вы ўжо дакладна не разглядаеце?

— Пакуль я не адчуваю сябе ў бяспецы нават ад адной думкі, што хацела б з’ездзіць у Беларусь. Калі мне сніцца, я думаю: божа, як я сюды трапіла і як выбірацца. Не тое каб гэта кашмары — такія псіхалагічныя трылеры. Увогуле, такая сабе краіна мары. Так што гэта можа здарыцца, але я не ведаю, у якім годзе. А пакуль у планах — хвошч і матыка!

 

Як выглядае жыцьцё беларусаў у эміграцыі? «Люстэрка» расказвае гісторыі людзей, якія аказаліся адарваныя ад дома.

У адрозненне ад прапаганды, мы не дзелім усё на чорнае і белае. Мы жадаем задакументаваць рэальнасць разам з радасцямі, перажываннямі і страхамі.

 

Падтрымайце «Люстэрка», каб мы маглі публікаваць больш такіх матэрыялаў 🙌

Станьце патронам «Люстэрка» — незалежнага медыя, якое толькі на сайце штомесяц наведвае больш за 2 мільёны ўнікальных карыстальнікаў.

Ахвяраваць любую суму можна хутка і бяспечна праз сэрвіс Donorbox.

Гэта бяспечна?

Калі вы не ў Беларусі — так. Гэты сэрвіс выкарыстоўвае больш за 80 тысяч арганізацый з 96 краін. Ён сапраўды надзейны: у аснове — аплатная сістэма Stripe, сертыфікаваная па міжнародным стандарце бяспекі PCI DSS. А яшчэ банк не ўбачыць, што плацёж зроблены ў адрас «Люстэрка».

Вы можаце зрабіць разавае ахвяраванне ці аформіць рэгулярны плацёж. Рэгулярныя данаты нават на невялікую суму дазволяць нашай рэдакцыі лепш планаваць уласную працу.

Важна: не данацьце з картак беларускіх і расійскіх банкаў. Гэта пытанне вашай бяспекі.

Калі для вас зручнейшы сэрвіс Patreon — вы можаце падтрымаць нас з дапамогай яго. Аднак Donorbox возьме меншую камісію і цяпер у прыярытэце для нас.

Чытайце таксама