У канцы мінулага года сілавікі пачалі наведвацца ў школы і студыі польскай мовы. Паводле інфармацыі выдання Dziennik Gazeta Prawna, закрылі каля 10 установаў. Пры гэтым, як расказвалі прадстаўнікі арганізацый, якія раптам зрабіліся непажаданымі, у віну ім ставіліся дапамога ў падрыхтоўцы да паступлення ў Польшчу ці навучанне польскай мове для атрымання карты паляка. Паводле інфармацыі выдання, прапаганда пагражае рэпрэсіямі і больш чым 160 тысячам беларусаў, у якіх гэты дакумент ужо ёсць. А з 2022-га ў розных месцах краіны не аднойчы знішчалі пахаванні і помнікі салдат Арміі Краёвай. Чаму ва ўладаў столькі прэтэнзій да ўсяго польскага? «Люстэрка» звярнулася з гэтым пытаннем у апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў.
«Ну які наезд можа быць на грамадзян?»
Журналістка «Люстэрка» патэлефанавала ў апарат Упаўнаважанага як жыхарка аднаго з рэгіёнаў, у якой дзіця вывучала польскую мову ў школе, нядаўна закрытай уладамі.
— Нейкі наезд на ўсё польскае ідзе. Затрымлівалі людзей, якія вучылі мове, дапамагалі з паступленнем і атрыманнем карты паляка.
— Смею вас запэўніць, што наезду на польскае ў краіне няма. Як кажа наш прэзідэнт, палякі, якія пражываюць у Беларусі, — гэта нашыя палякі. Ну які наезд можа быць на грамадзян? — адказаў намеснік упаўнаважанага Сяргей Герасіменя. — Карта паляка — гэта дакумент, які дае перавагі ў інтарэсах іншай дзяржавы. Пагадзіцеся. Але ўпаўнаважаны да пытанняў, звязаных з картай паляка, не мае ніякага дачынення. Тут я не магу пракаментаваць. Нам невядома пра асаблівую цікавасць да тых асобаў, якія збіраюцца паступаць у замежныя ВНУ, у тым ліку ў польскія.
— Чаму тады ўсё гэта адбываецца? І школы закрываюць, і педагогаў гэтых напалохалі, і спісы дзяцей, якія вучацца на курсах, — навошта гэта спецорганам? Нас гэта насцярожыла. У знаёмых дзеці вучаць французскую, англійскую — няма пытанняў. А з польскай такая сітуацыя.
— Не ведаю, у маім мікрараёне спакойна вывучаюць польскую мову. Можа, гэта звязана не з тым, што мова польская, а з нечым іншым? Паводзінамі з парушэннем заканадаўства. Мы гаворку вядзём пра школу, выкладчыкаў, адміністрацыю. Можа быць, рэч у тых людзях, якія гэтую мову выкладаюць ці арганізуюць гэты працэс. Але зноў жа, гэта не нашая кампетэнцыя, мы не маем патрэбнай інфармацыі, каб пракаментаваць гэтую сітуацыю. Мы нават не можам яе пацвердзіць, бо гэта не нашая кампетэнцыя.
Паспрабуйце прагаварыць сітуацыю з картай паляка з мясцовымі выканаўчымі органамі ўлады, а сферу адукацыі — з Міністэрствам адукацыі.
Як прапісала ў палажэнні пра Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў і яго апарат, адна з іх задач — ахова і спрыянне ў рэалізацыі правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь розных нацыянальнасцяў у сферах культуры, адукацыі, мовы, інфармацыйнага забяспечання, аказанне дапамогі ў асветніцкай дзейнасці аб’яднанняў грамадзян, якія адносяць сябе да нацыянальных меншасцяў. Таксама структура павінная займацца даследаваннем і прагназаваннем этнапалітычнай сітуацыі, дынамікі і тэндэнцый нацыянальных працэсаў, міжнацыянальных адносін, спыняць праявы непаважлівага стаўлення да нацыянальных пачуццяў.
«Я б на вашым месцы карту паляка не атрымліваў. Калі вы патрыёт»
— А вы ўвогуле сочыце за сітуацыяй, што адбываецца з рознымі нацыянальнасцямі ў краіне? Усё ж у нас жыве шмат палякаў. Была інфармацыя, што зносілі пахаванні салдат Арміі Краёвай у розных месцах. Гэта ж таксама да Польшчы адносіцца.
— Не магу цяпер пракаментаваць. Перад вачыма ў мяне няма гэтай інфармацыі, каб прадметна размаўляць.
— Зразумела. А з картай паляка — вы сказалі, што гэта дакумент у інтарэсах іншай дзяржавы. Небяспечна іх цяпер атрымліваць?
— Адкуль я ведаю? (смяецца) Я не маю карты паляка. Любая дзяржава абараняе свае нацыянальныя інтарэсы, пагадзіцеся. Я паўтаруся, што карта паляка — дакумент, які дае нейкія льготы і прэферэнцыі грамадзянам іншай дзяржавы. Таму любая дзяржава мае права процідзейнічаць гэтаму працэсу, каб яго грамадзяне не працавалі на іншую дзяржаву на шкоду інтарэсам сваёй радзімы.
Я не ведаю, небяспечна гэта ці не небяспечна. Але калі вы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, то я б на вашым месцы карту паляка не атрымліваў. Вось, калі хочаце, асабіста маё меркаванне. Калі вы патрыёт сваёй краіны, — адказаў Герасіменя і парэкамендаваў па больш прадметны адказ звяртацца ў МУС.
Чытайце таксама


