Інфармацыя пра тое, што беларусаў, якія не паведамілі беларускіі органам пра наяўнасць ВНЖ іншых краін, не будуць выпускаць за мяжу, не адпавядае рэчаіснасці. Пра гэта паведаміў у інтэрв'ю «Сельскай газеце» начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.
— У інтэрнэце распаўсюджваецца ілжывая інфармацыя, што беларусаў не будуць выпускаць за мяжу, калі яны не паведамілі адпаведным органам пра наяўнасць дакументаў, выдадзеных у іншых краінах. Гэта няпраўда. Усё проста: у тэрытарыяльным падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі трэба запоўніць бланк паведамлення згодна з сумеснай пастановай МУС і МЗС, а таксама прыкласці ксеракопію замежнага дакумента. Заява лічыцца прынятай, — сказаў Бягун.
Ён таксама адзначыў, што беларусаў, якія атрымалі карту паляка, не будуць пазбаўляць грамадзянства.
— Пазбаўляць беларускага грамадзянства ніхто не будзе! З 2002 года наяўнасць замежнага грамадзянства не з’яўляецца падставай для страты грамадзянства Рэспублікі Беларусь, як было да гэтага. У тым жа годзе прыбралі пераходную норму, калі дзіця пасля дасягнення 18 гадоў мусіла выбраць грамадзянства, калі ў яго было некалькі пашпартоў. Для беларускага боку такое дзіця лічыцца грамадзянінам Беларусі і пасля паўнагоддзя, яно можа нават служыць у нас у войску. Але калі ўзнікае пытанне пра кантрактную службу, пра прыём на дзяржаўную службу або іншую працу, звязаную з прыналежнасцю да нашай краіны, ясна, што без выхаду з грамадзянства іншай краіны не абысціся. Так працуюць гэтыя нормы цяпер. Юрыдычна грамадзянства іншых краін на тэрыторыі Беларусі не прызнаецца, — сказаў Бягун.
Інфармацыя пра тое, што беларусаў, якія не паведамілі пра свае ВНЖ і замежныя пашпарты і будуць вяртацца на радзіму, могуць не пусціць у краіну або не выпусціць падчас выезду, мільгала ў чатах па перасячэнні мяжы восенню гэтага года. У канцы лістапада распаўсюдзілася гісторыя, як грамадзяніна Беларусі не выпусцілі на гэтай падставе з краіны. Нібыта ў яго не было ні візы, ні паведамлення з АГіМ пра тое, што ён апавясціў улады пра замежны ВНЖ. «Люстэрку» гэтай інфармацыі не пацвердзілі ні ў ДПК, ні ў МУС.
Нагадаем, абноўлены закон «Аб грамадзянстве» ўступіў у сілу яшчэ 11 ліпеня і сярод іншага абавязаў паведамляць дзяржорганам пра ВНЖ, ПМЖ або пашпарт іншай дзяржавы. Зрабіць гэта трэба было за тры месяцы, то-бок да 10 кастрычніка. У адваротным выпадку ў МУС прыгразілі «наступствамі» — праўда, пакуль не вырашылі, якімі менавіта. Пакуль у ведамстве не паведамляюць, ці будзе ўводзіцца адказнасць для «штрафнікоў» і якой яна можа быць.
Чытайце таксама