6 снежня — роўна 1000 дзён з затрымання журналіста Дзяніса Івашына. Яго асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі за тое, што ён рыхтаваў журналісцкія матэрыялы, абвінаваціўшы ў здрадзе дзяржаве і незаконным зборы інфармацыі. Яго жонка Вольга ўвесь гэты час вядзе групу ў Facebook і тэлеграм-канал з навінамі аб заключэнні мужа. «Медыязона» паразмаўляла з ёй і ўспамінае, што адбывалася з Івашыным за гэтыя амаль тры гады.
Ператрус
Раніцай 12 сакавіка 2021 года Вольга Івашына выйшла з дому раней за мужа. Дзяніс планаваў ехаць да бабулі — зайшоў у аптэку, адтуль — на прыпынак. Там яго затрымалі.
Вользе пра затрыманне распавяла свякроў, сказала ехаць дадому, паглядзець, «што там ды як». Побач з прыпынкам яе ўжо чакалі.
— Паказалі пасведчанне, сказалі, што будзем у вас ператрус у хаце праводзіць. Са сваімі панятымі, канечне. Але я звярнулася да суседзяў, каб хтосьці не чужы быў, — успамінае Вольга.
Ператрус праходзіў некалькі гадзін. Сілавікоў цікавіла літаратура і ўсё, што звязана з Украінай — шалікі з Майдана і сцягі. Забралі грошы, тэхніку, нататнікі і нават спісаныя чарнавікі, на якіх нічога нельга разабраць.
Івашына ўспамінае, што ператрус праводзіўся «больш-менш культурна», але яе ўсё роўна спрабавалі закрануць.
— Яны казалі: «Вы не ведаеце пра свайго мужа, а мы ведаем. Мы за ім даўно сочым». Пасеяць нейкія сумневы, — кажа Вольга. — Стаялі іконкі на шафе, а за імі былі кніжкі. Казалі: «Вось у вас тут абразы, а за імі экстрэмісцкая літаратура розная, якія ж вы веручыя».
Кнігі, якія забралі і знішчылі пасля ператрусу ў Дзяніса Івашына
- «З невичерпного джерела»,
- «Абэцэда»,
- «Беларускі нацыяналізм»,
- «Чаму беларус абавязаны быць нацыяналістам»,
- «Вайсковы слоўнік»,
- «108 дзён і начэй у засьценках КДБ»,
- «О сектантах»,
- «Таталітарызм»,
- «Прапаганда»,
- «Хрышчэньне нацыі»,
- «Беларусь за 10 падарожжаў»,
- «Светапоглядныя асновы дэмакратычнага руху»,
- «Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі»,
- «Гібридная война»,
- «Крим за завісою»,
- «Хроника гибридной войны»,
- «Смисли і війни»,
- «Росія: ідентичность агресора»,
- «Вторжение в Украину»,
- «Донбасс в огне»,
- «ОУН і УПА в боротьбі за Українську Державу»,
- «Міжнародний центр протидіі Російській пропаганді»,
- «Тенденціі у світі»,
- «Індекс війни».
Калі яны сыходзілі, то папрасілі сядзець «цішэй»: «„Вы, галоўнае, нічога нідзе не пішыце, ніякага шуму. Яго адпусцяць, ён будзе сядзець у хаце да суду“». Канечне ж, так не сталася".
Майдан
Дзяніс Івашын пачаў займацца журналістыкай пасля Майдана 2014 года. Ён рэдагаваў беларускую версіі выдання Informnapalm, а для «Новага часу» пісаў расследаванні. Напрыклад, ён знайшоў дзесяць беркутаўцаў («Беркут» — спецпадраздзяленне ўкраінскага МУС, якое было расфармаванае ў 2014 годзе. Прычынай стала «поўная дыскрэдытацыя перад украінскім народам» праз падзеі на «Еўрамайдане»), якія з Украіны пераехалі ў Беларусь і пачалі працаваць у міліцыі.
У 2015 годзе, калі Расея анэксавала Крым і пачала вайну на ўсходзе Украіны, Дзяніс пазнаёміўся з Вольгай, якая падтрымлівала ўкраінцаў.
— Калі бачыла ў Горадне машыну з расейскімі нумарамі, я клала пад дворнікі ўлёткі з тэкстам кшталту: «Вярніце Крым», «Рукі прэч ад Украіны»", — успамінае Вольга. — Некалькі месяцаў гэта рабіла. У жніўні мяне заўважыў неабыякавы грамадзянін. Мяне затрымалі, склалі пратакол. Пра гэта напісалі проста ўсе.
Івашын знайшоў актывістку праз Facebook і быў здзіўлены, што яны не бачыліся раней — у родным Гродне, і не змог прапусціць дзяўчыну, якая праводзіць акцыі ў падтрымку Украіны.
— Было зразумела, што ён мяне не ведаў, таму што я сама з Наваполацку, пераехала толькі ў 10-м годзе. Знайшоў мяне праз фэйсбук, потым мы сустрэліся на курсах «Мова Нанова». Пазнаёміліся і ўсё пайшло, — кажа Вольга.
Праз журналісцкую працу пра Івашына часта «складалі пасквілі» праўладныя выданні. Ён нават вёў архіў артыкулаў, якія пісалі пра яго — іх набралася ўжо больш за сто.
«Так званыя варожыя дзеянні Расіі»
10 дзён пасля затрымання родныя не ведалі, што адбываецца з журналістам. Улетку ў ізалятары ў яго здарыўся сардэчны прыступ. У кастрычніку 2021 года сямйі сказалі, што Дзяніса абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве.
Праз год зняволення Івашына БЕЛТА апублікавала версію абвінавачвання ад КДБ.
У ёй гаворыцца, што «ўкраінскі бок» «заахвочваў» журналіста за працу: напрыклад, Граматай намесніка міністра абароны Украіны Ігара Далгова і картай замежнага ўкраінца. Камітэтчыкі паказалі, што адным з адпраўнікоў грошай на рахунак Івашына была жонка «былога афіцэра ДЦІПсА» Максіма Маёрава, «аглядальніка Informnapalm» і аўтара кнігі «Крым за занавесом. Путеводитель зонной оккупации».
«Аўтарам рэгулярна ажыццяўляліся інфармацыйныя ўкіды адносна так званых варожых дзеянняў Расіі ў дачыненні да Украіны і Беларусі», — сцвярджалі ў КДБ.
Сілавікі распавялі, што Івашын «пад непасрэдным куратарствам з Кіева» збіраў звесткі пра расейска-беларускае вайсковае, палітычнае, эканамічнае, культурнае супрацоўніцтва, пра пастаўкі ў анэксаваны Крым і самаабвешчаныя ДНР і ЛНР беларускай прадукцыі, а таксама інфармацыю пра сілавікоў, «аб'яднанні казакоў» і былых беркутаўцаў.
Справу Івашына разглядалі ў закрытым рэжыме. Спачатку па абвінавачванні ў здрадзе дзяржаве (частка 1 артыкула 356 КК) і пра ўмяшанне ў дзейнасць міліцыянта (артыкул 365 КК). Падчас суду другі артыкул замянілі на незаконны збор інфармацыі аб прыватным жыцці (частка 1 артыкула 179 КК у рэдакцыі 05.01.2015 года).
Журналіста асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц калоніі. А кожнаму з дзевяці пацярпелых міліцыянтаў ён павінен заплаціць па 2 тысячы рублёў.
«Хочацца паслаць усіх за рускім ваенным караблём», — сказала маці на судзе, назіраючы, як прапагандысты насядалі на дыпламатаў, якія прыехалі падтрымаць Івашына.
Забралі ружанец для малітвы, бо «не трэба выдзяляцца»
Пасля пераводу ў калонію Івашына пачалі адпраўляць у ШІЗА і ПКТ, успамінае Вольга. На два тыдні ён знік — выявілася, што яго судзілі і зрабілі больш жорсткім рэжым адбыцця пакарання. Частку тэрміну ён правядзе ў крытай турме Жодзіна.
Журналіст даведваецца навіны з лістоў ад родных, тэлефонных званкоў і выпісаных выданняў. Хоць у камеры няма тэлевізара, важныя навіны ён даведваецца хутка.
Так, праз два дні пасля атакі Хамас на Ізраіль, ён напісаў ліст, у якім пытаўся, што з блізкімі і сябрамі, якія жывуць у Ізраілі.
У Гродзенскім СІЗА ў зняволенага адабралі ружанец.
— «Іншыя вязні будуць зайздросціць», «не трэба выдзяляцца» і гэта ўвогуле «атрыбут даўно асуджаных», — перадае тлумачэнні ізалятарскага псіхолага Вольга.
Падчас этапаў канваіры таксама забіралі ружанцы ў Дзяніса, але пазней усё вярнулі.
Цынічныя лісты з «Советской Белоруссии»
Паводле слоў Вольгі, цяпер з Івашыным «прынцыпова» новага нічога не адбываецца: «Ён проста сядзіць і губляе час».
У лістападзе адзін з лістоў маці знішчылі цэнзары. Як яны растлумачылі, у лісце з раздрукоўкамі навін, статыстычных звестак і артыкулаў выдання «СБ. Беларусь сёння» была інфармацыя з «цынічным зместам».
Дзяніс «адчувае сябе нармальна» і не хварэе, піша лісты і чытае, чакае, што яму прыйдзе кніга Габрыэля Гарсіі Маркеса.
1000 дзён у палоне
Вольга не планавала весці канал пра Дзяніса так доўга. Спачатку ў фэйсбуку яна апісвала ператрусы. Потым пісала пра тое, што з ім адбываецца ў зняволенні.
— Лічылі, што гэта вельмі важна, нават дзеля ягонай бяспекі. Потым усё расцягнулася, і спыніцца было немагчыма. Тым больш, мы зразумелі, што гэта сапраўды хоць трошкі ўплывае на ўмовы, ў якіх ён знаходзіцца, — кажа Івашына.
Калі ў Івашына здарыўся сардэчны прыступ, медык прыйшоў «досыць хутка», хоць журналіст быў у карцары.
— Калі ўзгадаць сітуацыю з Пушкіным (асуджаны мастак Алесь Пушкін памёр у гарадзенскай турме. — «Медыязона»), то гэта, можа, уратавала жыццё Дзянісу, — тлумачыць яго жонка.
— Мы неяк перадавалі яму перадачу. Я паклала тое, што палічыла неабходным. Потым ён напісаў, што за дзень-два да перадачы ён захацеў гэтую рэч. Нібыта прачытала думкі на адлегласці. Мяне радуе, што я магу яго парадаваць такім чынам.
На 206-ы дзень зняволення Вольга пачала дубляваць пасты з Facebook ў Telegram. Штодня весці рэсурсы пра Дзяніса займае ў Івашынай каля дзвюх гадзін. Не пра ўсё можна пісаць, саму форму пастоў прыдумляць складана:
— Не ведаю, ці хопіць меня яшчэ на нейкія інстаграмы, ціктокі. Наўрад ці. Хочам, каб пра Дзяніса памяталі, не забываліся.
Без мужа Вользе даводзіцца цяжка. У лістах да сваякоў Дзяніс сам іх падтрымлівае:
— Дзяніс — такая моцная апора. Мур абаронны. І зараз яго няма, даводзіцца не толькі неяк уладкоўваць свой побыт, але яшчэ яму дапамагаць. Нават часам накатвае — бачыш: людзі усміхаюцца, разам ідуць, сям’я. І разумееш, што невядома, калі зможаш пабачыць зноў мужа.
Пакуль Івашын быў у калоніі, яго родныя разлічвалі на званок праз Skype. Не паспелі — яго перавялі ў турму. Засталіся толькі тэлефонныя званкі, але Вольга з’ехала з Беларусі.
— 1000 дзён без каханага чалавека. Гэта неймаверна цяжка. Сколькі б там не было, тысяча з 13 год, якія выпісалі — неістотна. Кожны дзень цяжкі. Няважна, колькі іх.
Чытайце таксама


