Адразу некалькі чытачоў расказалі «Люстэрку», што ў апошнія дні ім у тэлеграм прыйшлі незвычайныя паведамленні ад невядомага карыстальніка. У тэксце людзей просяць выйсці з чатаў, якія прызнаныя экстрэмісцкімі, і стаіць подпіс «З павагай, ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь». Расказваем, што адбываецца.
Імёны суразмоўцаў змененыя з меркаванняў бяспекі.
— Было непрыемна, быццам за табой нехта падглядае ў замочную шчыліну. Я заблакавала адпраўніка, ён у чорным спісе цяпер падпісаны як «выдалены акаўнт». Я думаю, што такія паведамленні рассылае бот, — кажа Паліна. — Я не разумею, чаму людзі не могуць знаходзіцца ў дваровых чатах, чаму іх прызнаюць экстрэмісцкімі.
Жанчына падзялілася скрыншотам паведамлення. У ім яе папрасілі выйсці з раённага тэлеграм-чата, прызнанага судом экстрэмісцкім, за ігнараванне просьбы прыгразілі адміністратыўкай. «З павагай, ГУБАЗіК МУС Рэспублікі Беларусь», — развіталіся, імаверна, беларускія сілавікі.
Пра аналагічныя паведамленні расказалі яшчэ некалькі беларусаў.
— Я яго выдаліла і паведаміла пра спам. Але з чата таксама выйшла: ён у мяне ўсё роўна быў у архіве, — кажа Аліна. — Мы з’ехалі год таму, але такія паведамленні, вядома, непакояць.
Нагадаем, з 2020 года беларускія суды прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі больш чым 500 розных чатаў у тэлеграме.
Чытайце таксама