Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Путин отклонил предложение США и Украины о 30-дневном прекращении огня — эксперты о ситуации на войне
  2. Госсекретарь США заявил, что Трамп готов бросить попытки помирить Украину и Россию и «двигаться дальше» — при каком условии
  3. Какой будет погода на следующей неделе? «Лето» закончится, придет похолодание
  4. Правозащитники: В Дзержинске проводят задержания и обыски, повод — послевыборные протесты
  5. «Не думаю, что что-то страшное». Попытались устроиться в госорганизации с подписью на последних выборах не за Лукашенко — что вышло
  6. В Купаловском уже пять лет мало кто хочет работать. Что придумали в этот раз
  7. Этот триллер от Hulu переворачивает представление о сериалах про постапокалипсис. Объясняем, стоит ли смотреть (да)
  8. «Пути молодых мужчин и женщин расходятся»? Откуда растут ноги у тренда, о котором эксперты давно бьют тревогу (но лучше не становится)
  9. Путин объявил «пасхальное перемирие» на фронте
  10. В МВД Польши ответили, при каких условиях возможно открытие пунктов пропуска
Читать по-русски


Мінская студэнтка Дана Чвяляева неўзабаве пасля пачатку расейскага ўварвання ва Украіну зняла кароткае відэа для TikTok з пародыяй на Лукашэнку, які абяцаў паказаць, «адкуль рыхтаваўся напад на Беларусь». «Я тады проста дурылася», — кажа дзяўчына. Але ролік стаў прычынай яе затрымання супрацоўнікамі ГУБАЗіКа, а цяпер — і ўцёкаў з Беларусі ў Літву. Гісторыю Даны апавядае «Радыё Свабода».

Дана Чвяляева. Фота: "Радыё Свабода"
Дана Чвяляева. Фота: «Радыё Свабода»

Дана кажа, што да падзей 2020 году не асабліва цікавілася палітыкай. Да беларускага рэжыму ў яе, будучай архітэктаркі, былі хіба што эстэтычныя прэтэнзіі.

Зусім не падабалася спалучэнне чырвонага з зялёным і стыль паводзінаў ды прамоваў кіраўніка дзяржавы ды некаторых ягоных падначаленых. З астатнім неяк мірылася, як прызнаецца суразмоўца.

Калі пасля выбараў 2020 году ў краіне пачаліся пратэсты, а ў адказ на іх — гвалт над мірнымі грамадзянамі, яе грамадзянская пазыцыя акрэслілася.

Кажа, што сама на маршы не выходзіла, бо баялася пацярпець ад міліцэйскага гвалту. Спачувала, абуралася, абмякоўвала з сяброўкамі, але трымалася ўбаку і думала, што ўдасца і далей заставацца «над бойкай». Сытуацыя зноў змянілася ў лютым 2022 года, калі Расея напала на Ўкраіну.

«Скрутак з мапамі сам падказаў сюжэт пародыі»

— Мы з сяброўкай выправіліся «на абмеры» — гэта такія практычныя заняткі, частка навучальнага працэсу для будучых архітэктараў, — расказала Дана пра той дзень, 25 красавіка 2022 году.

Напярэдадні дзяўчына ўбачыла кадры з Лукашэнкам, на якіх ён у самым пачатку вайны перад мапай Украіны тлумачыў, адкуль нібыта ўкраінская армія збіралася напасці на Беларусь. Дана гаворыць, што спачатку ёй хацелася смяяцца з гэтага відовішча.

— І вось мы едзем «на абмеры», а ў мяне з сабой скрутак з мапамі. Відаць, гэты скрутак сам падказаў сюжэт той пародыі на Лукашэнку. Я дастаю мапы і пачынаю жартаваць, дурэць. Маўляў, зараз пакажу, адкуль на нас нападуць… І спачатку нават не заўважыла, як сяброўка ўключыла відэа на тэлефоне ды пачала запісваць мой жарт. А я імправізую, мы абедзьве смяёмся. Нават міліцыянеры потым мне сказалі, што імправізавала я ўдала. А тады — усё. На два тыдні я забыла пра гэты ролік, нават не цікавілася, што з ім сталася далей. Але праз два тыдні прыйшоў «адказ», і гэта быў кашмар! — расказвае Дана.

У траўні 2022 году дзяўчына давучвалася на апошнім курсе Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжу. Рыхтавалася да іспытаў, абароны дыплома. Марыла стаць архітэктарам, знайсці ў Мінску добрую працу па спэцыяльнасці, праектаваць для людзей сучаснае жытло ці іншыя важныя аб’екты. Вучылася добра і, як сама кажа, не цуралася студэнцкага актывізму.

— Ні ў якія БРСМы я не ўступала, але калі трэба нешта арганізаваць ці проста паўдзельнічаць на просьбу адміністрацыі ў якой нармальнай акцыі, ішла з ахвотай. І раптам сярод заняткаў мяне выклікаюць да прарэктара, а знаёмая выкладчыца праводзіць з асуджэннем: «Што ты, Дана, нарабіла?» Заходжу ў кабінет, а там сядзяць тры незнаёмыя мне мужчыны з суровымі тварамі, і адзін ад парогу кажа: «Нічога не хочаце нам расказаць?» Адказала шчыра, што не хачу. Тады прагучала пытанне: «А можа, нам раскажаце цяпер, адкуль на Беларусь рыхтавалі напад?»

Тады мне ўсё стала зразумела, а той мужчына абвясціў, што мне давядзецца паехаць з імі ў пастарунак, ды папярэдзіў, каб паводзіла сябе нармальна, «інакш надзенуць кайданкі».

«А, злавілі гэтую с*ку!»

Сілавікі, якія прыехалі па Дану, былі з ГУБАЗіКу. Дзяўчына чула пра гэтую ўстанову, ведала, што там не проста міліцыянеры, а тыя, хто займаецца вышукам і затрыманнем удзельнікаў пратэстаў 2020 году ды іншых «нязгодных з рэжымам». Чула і пра іх «выхаваўчыя» мэтады. Але не магла ўявіць, наколькі ўсё гэта адпавядае рэчаіснасці.

— Пакуль везлі ў «Джылі» ў ГУБАЗіК, размаўлялі са мной нібыта нармальным тонам. Казалі: «Мы толькі хочам з табой пагаварыць», вывучалі мой тэлефон. Але як прыехалі і завялі ў будынак, усё змянілася. Схапілі за рукі, нахілілі і гэтак вялі па калідорах, як небяспечную злачынцу. З некаторых кабінетаў, дзе былі раскрытыя дзьверы, на мяне крычалі, абкладалі мацюкамі. «А, злавілі гэтую с*ку!» Уражанне было, быццам усе два тыдні яны толькі мяне шукалі і цяпер усе задаволеныя, што трапіла ў іхныя рукі. Пачула тады такое, што і цяпер паўтарыць не магу, — запэўнівае дзяўчына.

Яшчэ адно незабыўнае ўражанне былой студэнткі ад наведвання ГУБАЗіКу — паўсюль на сценах віселі дрэннай якасці раздрукоўкі расейскіх сцягоў і Z-сымболікі.

— Мяне гэта яшчэ абурала і як дызайнэра, — не хавае Дана агіды.

Першы допыт

Па словах Даны, стол следчага быў завалены скрыншотамі, у тым ліку з яе сацсетак. Тады дзяўчына зразумела, што сілавікі ведаюць пра яе амаль усё. Але паступова, прызнаецца суразмоўца, яна пераканалася, што нічога крамольнага следчыя не знайшлі, і крыху супакоілася. Калі дайшло да пытанняў аб тым, хто распаўсюдзіў відэа з яе пародыяй на Лукашэнку, дзяўчына набралася смеласці і сказала, што не ведае прозвішча гэтай дзяўчыны: «Бачыліся з ёй рэдка, выпадкова. Хіба імя ведаю».

Дана кажа, што супрацоўнікі ГУБАЗіК ёй нібыта паверылі, але дадому не адпусцілі. Аказалася, што супрацоўнікаў цікавіла не толькі тое, «адкуль рыхтавалі напад на Беларусь»:

— Яшчэ мне паказалі відэа, на якім нейкая дзяўчына са сцягам уцякае ад АМАПу. Доўгія валасы, на вачах цёмныя акуляры. Маўляў, гэта нібыта я, мушу прызнацца. Але я адмовілася. Даказвала, што на відэа зусім іншы чалавек і, колькі ні палохалі, ціску не паддалася. І толькі тады сказалі, што мяне адпусцяць. Але папярэдзілі, што наступным разам пасадзяць. Пакуль жа каб ехала дамоў.

Дана гаворыць, што адчула вялікую палёгку, калі прыехала з допыту. Але аказалася, што радавалася зарана.

Дана Чвяляева. Фота: «Радыё Свабода»

«Мусіш даяркай у калгасе працаваць!»

— Толькі дабралася, толькі паспела напісаць сябрам: «Вы не ўяўляеце, дзе давялося пабываць!» — як мне зноў тэлефануе супрацоўнік міліцыі: «Дана? Калі не хочаш непрыемнасцяў, хутка прыязджай зноў!»

Дзяўчына памятае, што яе сустрэлі тыя ж міліцыянеры, але цяпер яны выглядалі яшчэ больш строгімі:

— Зноў мацюкі, пагрозы і сказалі, што гэтым разам са мной хоча пагаварыць іх начальнік. Загадалі чакаць.

Чакаць невядомага начальніка дзяўчыне давялося ў вестыбюлі амаль тры гадзіны. У нейкі момант праз дзьвярную шыбу Дана ўбачыла аўтамабіль, які прывёз пад ГУБАЗіК дзяўчыну — тую самую, якая на відэа ўцякала ад супрацоўнікаў АМАПу, загарнуўшыся ў бела-чырвона-белы сьцяг.

— Падумала, што цяпер ужо дакладна не адпусцяць, — апісвае Дана свае перажыванні таго дня. А потым прыйшоў начальнік.

— Высокі, здаровы такі, кароткія валасы. Злосны твар, — апісвае дзяўчына сілавіка, які праводзіў з ёй другі допыт. — Ён лаяўся на мяне і пры гэтым абзываў чамусьці «калгасніцай». Казаў, што «такія, як я, мусяць працаваць даяркамі». Можа, лічыў гэтую працу самай прыніжальнай, ня ведаю. Таксама распытваў пра маё стаўленне да вайны ва Ўкраіне, каго падтрымліваю. Але потым крыху супакоіўся, паклікаў падначаленых: «Ладна! Далей разбірайцеся з ёй самі».

«Пакаяльнае» відэа

Дана зноў трапіла да сілавікоў, якіх ужо ведала па першым допыце. Неўзабаве ў кабінет увялі сяброўку, якая запісала і выклала яе парадыйнае відэа ў TikTok. Аказваецца, яе вылічылі вельмі хутка па імені, згаданым у акаўнце. Дзяўчатам сказалі, што з імі будуць запісваць відэа, трэба будзе прызнаць віну, папрасіць прабачэння і паабяцаць, што такога больш не паўторыцца.

— Калі адмовімся, папярэдзілі, што з каледжу дакладна адлічаць, — успамінае Дана.

І расказвае падрабязнасці запісу «пакаяльных» ролікаў.

— У іх ёсць адмысловы пакой, нібы такая студыя, дзе яны запісваюць гэтыя звароты. Памятаю зялёную сцяну. Кажуць стаць да яе, глядзець у камеру і гаварыць тое ды тое. Але мне цяжка было запомніць тэкст, я ўвесь час блыталася. Словы іхныя не лезлі ў галаву. Прымушалі спачатку некалькі разоў паўтарыць, каб запомніла. Нарэшце запісалі. Было прыкра, і па маім твары на тым відэа ўсё ж відаць, што гавару не сваімі словамі, а пад прымусам. Дагэтуль засталося адчуванне нейкага маральнага гвалту, і яно ніколі не знікне, — падзялілася дзяўчына.

Прызнанне Даны разам з прызнаннем яе сяброўкі і «дзяўчыны са сцягам» неўзабаве зьявіліся на тэлеграм-канале ГУБАЗіКу, прычым з дадаткам, што ўсіх дзяўчат потым адпусцілі. Але ці праўда гэта адносна трэцяй дзяўчыны, Дана не ведае. Пазней да яе даходзілі чуткі, што на дзяўчыну са сцягам усё ж завялі крымінальную справу, аднак праверыць гэта не атрымалася.

Таксама Дана не ведае, ці стрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКу сваё абяцанне паклапаціцца пра тое, каб яе з сяброўкай не адлічвалі з каледжу. Дзяўчына не выключае, што іх проста палохалі такой пагрозай:

— Потым з адміністрацыі мне ніхто нічога не даводзіў. Здала экзамэны, атрымала дыплом і ўсё, спакойна сышла.

Жыццё нібы ў іншай краіне

За год у жыцці Даны нібыта нічога асабліва не змянілася, кажа дзяўчына. Але яна прызнаецца, што адчула сябе ў іншым асяроддзі, пазбавілася шмат якіх ілюзій. Расказвае пра гэта, не хаваючы расчаравання.

— Пачну з таго, што нармальнай працы адпаведна свайму дыплому архітэктара я на радзіме так і не знайшла. У дзяржаўную ўстанову мяне з маёй гісторыяй не возьмуць, ды і працаваць там — толькі марнаваць час. Амаль ніякага прафэсійнага росту і малы заробак. Але і прыватнікі, уласнікі архітэктурных бюро цяпер асцерагаюцца браць на працу тых, хто хоць неяк быў датычны пратэстаў, — дзеліцца досведам маладая спэцыялістка.

У выніку дзяўчыне давялося пагадзіцца на працу, зусім не звязаную з атрыманай прафэсіяй. Дана ўладкавалася ў сферы гандлю, але і там, як аказалася, людзі баяцца нейкага падману, звязанага з палітыкай.

— У нашай краме «Оптыка» быў кабінет для вызначэння якасці зроку, каб дакладна падабраць акуляры. І там ёсць такі тэст на вызначэнне колераў — старонка напалову зялёная, напалову чырвоная. Вы б ведалі, якая колькасць людзей, калі праходзяць гэты тэст, пытаюцца, а чаму такія колеры? А ці гэта не праверка на лаяльнасць? Ці можна не адказваць?

Паводле Даны, значная частка жыхароў у цяперашняй Беларусі пачалі баяцца падазрэнняў у нелаяльнасці. Усё больш людзей «закрыліся», хаваюць свае погляды, прыстасоўваюцца да новай рэчаіснасці.

— Мяркую, людзей ужо раздражняе гэтая чырвона-зялёная палітра навокал, але маўчаць, затаіліся, не пратэстуюць. А гэтых сцягоў, плакатаў, бязглуздых заклікаў усё больш! Я дык дакладна глядзець на гэта ўжо не магла, — прызнаецца суразмоўца.

Акрамя стомленасці ад дзяржаўнай прапаганды, дзяўчына гаворыць пра пастаянны стрэс ад чакання рэпрэсій.

— Дрэнныя навіны там атрымліваеш не з Telegram, як раней, а непасрэдна ад сяброў, пры асабістай сустрэчы. А гэта куды больш уражвае. Што найлепшага выкладчыка гісторыі з каледжу адправілі на 15 сутак за фотку маршу пратэсту. І яшчэ невядома, ці не пасадзяць зноў, ужо ў калонію. Што настаўніка фізкультуры з маёй школы таксама пасадзілі. З каледжу ўвесь час прыходзяць навіны, што той ці іншы выкладчык мусіў звольніцца. Найлепшыя звальняюцца самі. Бо як цяпер робіцца? Альбо сам звальняйся, альбо… «Выбірай». Гэта агульная цяпер такая абстаноўка ў краіне. Калі б за тое відэа з жартам мяне затрымалі цяпер, а не год таму, не думаю, што засталася б на волі, — мяркуе Дана.

Дзяўчына кажа, што 10 дзён таму ў яе проста скончыліся сілы і цярпенне. Села ў аўтобус і выехала за мяжу:

— У такую Беларусь, якая там цяпер, я не вярнуся. Вярнуся ў вольную, дэмакратычную.