Урад не зрабіў 3 студзеня выходным днём, тым самым пазбавіўшы беларусаў тыдня навагодніх канікул, бо цяпер «мы не ў тых умовах». Пра гэта расказаў у інтэрв'ю дзяржтэлеканалу «Беларусь 1» прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.
— Я гэта нейкай праблемай наогул не лічу. Усё ж тыдзень — гэта практычна поўнае расхалоджванне ці замарозка эканомікі. Мы цяпер не ў тых умовах, каб дазволіць сабе такія доўгія канікулы. Хоць зноў жа, кожнае прадпрыемства мае права прыняць рашэнне, якое больш падыходзіць для іх вытворчых мэтаў, — сказаў кіраўнік урада.
Галоўчанка дадаў, што калі прадпрыемства працуе ў «гарачым рытме, яму трэба, дапусцім, спачатку спыніць, а потым на адзін дзень запусціць абсталяванне, ну, напэўна, гэта не вельмі эканамічна эфектыўна».
— Для, напрыклад, бюджэтнай сферы мы не можам зрабіць такі перапынак, у першую чаргу таму, што першыя дні студзеня — гэта так званыя заключныя абароты бюджэту, і там наогул ледзь не кругласутачна людзі працуюць, бо трэба правесці ўсе тыя плацяжы, якія за кошт бюджэтных сродкаў аплачваюцца, закрыць, што называецца, пытанне. Гэтая маса працуе. Але зноў жа, з пункту гледжання захавання графіку працы і адпачынку не вельмі добра, калі ты спачатку тыдзень адпачываеш, а потым працуеш два тыдні запар з адным выходным. У цэлым, паўтару, для эканомікі мы прынялі, на нашую думку, самае збалансаванае і аптымальнае рашэнне ў гэтым плане, — растлумачыў прэм’ер-міністр.
Нагадаем, у Беларусі на навагоднія святы ў тэорыі магло быць сем выходных запар — з 1 да 7 студзеня. Але ўрад не пайшоў на такі крок: 3 студзеня, пятніца, будзе рабочым, а астатнія дні — выходныя.