Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда адмовіўся ўдзельнічаць у сумеснай фотаздымцы на адкрыцці 29-й Канферэнцыі бакоў Рамкавай канвенцыі ААН пра змяненне клімату (COP-29) у Баку, піша польскі партал Interia.pl.
Як паведамляе партал са спасылкай на атачэнне польскага лідара, падставай для адмовы стала прысутнасць на мерапрыемстве Аляксандра Лукашэнкі.
«Гэта было ўсвядомленае рашэнне пана прэзідэнта. Family photo — гэта сямейнае фота, пан прэзідэнт вырашыў, што не хоча мець сямейнае фота з Аляксандрам Лукашэнкам», — заявіў суразмоўца партала.
Сусветны саміт па барацьбе са змяненнем клімату праходзіць 11−22 лістапада ў Баку. Як паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, ён «у сваім выступе акрэсліць нацыянальную пазіцыю Беларусі па пытаннях парадку дня, звязаных са змяненнем клімату і мерамі, якія міжнародная супольнасць павінная распачаць для вырашэння выклікаў, што ўзнікаюць у гэтай сферы».