Скончыўся яшчэ адзін месяц 2024 года, які адзначыўся чарговымі рэкордамі і максімумамі. 2024 год на фінансавым рынку досыць незвычайны і ўжо даў актыўным інвестарам масу магчымасцяў для атрымання высокага прыбытку. Пра тое, як будуць паводзіцца курсы валют у лістападзе, чытайце ў прагнозе на тыдзень ад Myfin.by.
Курс даляра расце на фоне невялікіх аб’ёмаў таргоў
Беларускі валютны рынак фінішаваў на мінулым тыдні з невялікім зніжэннем курсу беларускага рубля да ўсіх валют. Валютны кошык Нацыянальнага банка падаражэў на 0,29%. Абменны курс даляра ЗША падняўся за тыдзень на 0,72%. З пачатку гэтага года даляр расце ў цане на беларускім валютным рынку ўжо на 4,49%, і ёсць імавернасць, што гэтая лічба будзе павялічвацца. Фінальным курсам мінулага тыдня стала значэнне валютнай пары USD/BYN 3,3203. Але гандлёвы аб’ём даляраў імкнецца да мінімумаў года.
Курс расійскага рубля спыніўся да заканчэння мінулага тыдня на невялікім мінусе -0,02% і са значэннем RUB/BYN 3,4239 за 100 расійскіх рублёў. Хоць і аналітыкі Myfin.by чакалі, што расійскі рубель знізіцца да ўзроўню 3,40, амаль увесь тыдзень рубель таргаваўся на беларускім рынку з ростам попыту. Пра гэта непасрэдна сведчыць рост аб’ёму таргоў рублём прыкладна ў 36−38 млн даляраў у эквіваленце ў параўнанні з 4−8 млн па самім «баксе». У сілу розных абставінаў аб’ём таргоў штатаўскай валюты становіцца ўсё меншым на беларускім рынку. Кітайскаму юаню, дарэчы, таксама далёка да асноўных з яго «сціплымі» 100 тысяч — 2 млн даляраў у эквіваленце за гандлёвую сесію на БВФБ.
Расійскі рубель у падзенні
Усе гэтыя змяненні абменных курсаў даляра ЗША і расійскага рубля адбываюцца на фоне млявага зніжэння курсу расійскай валюты на расійскім міжбанку. Прычым, як гэта бывала і раней, самае цікавае адбываецца на падзенні сцяжка ў апошнія гадзіны працы расійскага валютнага рынку. Гэтым разам да закрыцця рынку ў пятніцу, 1 лістапада, курс рубля адносна даляра падскочыў да USD/RUB 98,25.
На расійскі рубель, нягледзячы на вельмі высокую ключавую стаўку Банка Расіі, цісне ўсё большы дэфіцыт замежнай валюты ва ўмовах павышэння попыту з боку імпарту. Нізкія цэны нафты, абмежаванне здабычы з боку Расіі ў рамках OPEC плюс зніжэнне аб’ёмаў продажу валюты экспарцёрамі зрабілі сваю справу.
Падатковы перыяд скончыўся, імпарт да заканчэння года традыцыйна расце — гэтыя фактары будуць ціснуць на рубель найбліжэйшыя два-тры тыдні. Але падтрымаць рубель можа абвяшчэнне Цэнтрабанкам на гэтым тыдні аб’ёмаў куплі валюты ў рамках бюджэтнага правіла. Не выключана, што Банк Расіі можа пайсці на зніжэнне аб’ёмаў пакупкі з мэтай утрымаць рубель не вышэй за 100 за даляр.
Прагноз на тыдзень
На сусветным фінансавым рынку ўся ўвага гэтага тыдня будзе прыкаваная да заўтрашніх выбараў прэзідэнта ЗША і рашэння ФРС па працэнтнай стаўцы ў чацвер, 7 лістапада, у 21.00 паводле Мінска. Калі па першай падзеі імавернасць выніку 50/50, то ад ФРС рынак чакае чарговага паніжэння стаўкі на 0,25 п.п. Прынамсі, пра гэта сігналізуюць апошнія звесткі пра стан эканомікі ЗША і рынку працоўнай сілы тамсама. У выпадку рэалізацыі прагнозу валютная пара EUR/USD можа істотна знізіцца, да 1,065−1,070.
Вяртаючыся да прэзідэнцкіх выбараў у ЗША — асноўным актывам, які назірае за іх вынікамі, безумоўна, стане золата. На мінулым тыдні метал абнавіў максімум у 2800 даляраў за ўнцыю і, мяркуючы з узятых тэмпаў, гэта не мяжа. Цана на яго падаць не хоча і пасля 5 лістапада можа пайсці на новыя рэкорды.
На беларускім валютным рынку чакаем плаўнага руху абменнага курсу даляра ў бок росту да USD/BYN 3,335−3,500. Расійскі рубель пры гэтым застаецца каля RUB/BYN 3,40 за 100 расійскіх рублёў.
Меркаванні экспертаў банкаў, інвестыцыйных і фінансавых кампаній, прадстаўленыя ў гэтай рубрыцы, могуць не супадаць з меркаваннем рэдакцыі і не з’яўляюцца афертай або рэкамендацыяй да куплі ці продажу якіх-кольвек актываў або валют.