У сераду, 20 сакавіка, Эканамічны суд Мінска разгледзеў пратакол Дэпартамента фінансавых расследаванняў пра працу прыватнага медцэнтра «Новы зрок» без ліцэнзіі ў 2022 годзе.
Справу разглядала суддзя Валерыя Неўдах. Яна прызнала, што медцэнтр займаўся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю (ч.1 арт. 13.3 КаАП), і абавязала клініку выплаціць 500 базавых штрафу (20 тысяч рублёў). Акрамя таго, у «Новага зроку» канфіскавалі 100 працэнтаў даходу, атрыманага «незаконным шляхам». Гэта, як сцвярджае ДФР, 17,06 мільёна рублёў (з вылікам ускосных падаткаў і дакументальна пацверджаных выдаткаў). Гэта максімальна магчымае пакаранне па гэтым артыкуле.
— Відавочна, будзе яшчэ 11 такіх пратаколаў, — у каментары «Люстэрку» казаў заснавальнік «Новага зроку» Алег Каўрыгін. — Яны цяпер будуць па кожным годзе іх складаць, лічыць даходы і прымаць рашэнне пра канфіскацыю. То-бок сума можа вырасці ў 10 разоў. І яна будзе не выплачаная. У кошт гэтага канфіскуюць усё абсталяванне, будынкі і гэтак далей. Як я ўжо заяўляў, мэта — забраць увесь бізнес, ды яшчэ каб засталіся вінныя.
Пры гэтым па законе тэрміны адміністрацыйных спагнанняў для юрыдычных асоб складаюць не больш за тры гады з дня здзяйснення правапарушэння і не больш за паўгода з моманту выяўлення правапарушэння.
Нагадаем, 27 ліпеня 2023 года Мінздароўя забрала ліцэнзію ў «Новага зроку» нібыта за падачу ў момант яе атрымання «падробленых дакументаў з недакладнымі звесткамі пра адказных асоб, якія не былі працаўладкаваныя на прадпрыемстве».
У заяве ведамства адзначалася, што ліцэнзіі кампаніі пазбаўляецца з даты яе выдачы. Раней на гэтым моманце ні сілавікі, ні прадстаўнікі медцэнтра не завастралі ўвагу, аднак становіцца зразумела, для чаго гэтая дэталь была ў заяве міністэрства — цяпер «Новы зрок» абвінавачваюць у працы без ліцэнзіі з 2011 года, калі і быў выдадзены адкліканы дазвол. Цяпер дзяржава можа паспрабаваць забраць даход кампаніі, атрыманы нібыта незаконна.