У Беларусі з наступнага года павысяць мінімальны заробак. Параўналі, як мы цяпер выглядаем па гэтым паказчыку на фоне некаторых суседзяў. На жаль, статыстыка не на нашую карысць.
Розніца ў заробку ў разы
З 1 студзеня мінімальны памер аплаты працы ў Беларусі падымуць да 626 рублёў. У той жа час мінімальная зарплата ў Літве роўная 840 еўра (2890 рублёў па курсе Нацбанка на 5 снежня), з пачатку 2024 года яе павысяць да 924 еўра (3179 рублёў). У Польшчы са студзеня мінімалку падымуць да 4242 злотых (3367 рублёў). Цяпер яна складае 3600 злотых (2857 рублёў). Расіяне атрымліваюць мінімалку ў памеры 16 242 расійскіх рублёў (567 нашых рублёў).
Пасля выплаты падаткаў у літоўцаў з мінімальным узроўнем аплаты працы на руках застаецца 633 еўра (2178 рублёў), а ў палякаў — 2784 злотыя (2210 рублёў). У расіян нета выходзіць у пераводзе на нашыя грошы 493 рублі. У беларусаў з мінімалкай пасля выплаты падаходнага падатку і 1% сацыяльнага ўзносу на руках застаецца 476,44 рубля.
Выходзіць, што розніца ў памеры мінімальнай месячнай аплаты працы ў Беларусі і Польшчы перавышае 4,7 разу.
Сумная карціна і што да пакупніцкай здольнасці
Каб зразумець розніцу ў пакупніцкай здольнасці такога памеру аплаты працы ў нас і суседзяў, мы параўналі колькасць тавараў і паслуг, якія можна купіць на мінімальны заробак у чатырох краінах. Звесткі для параўнання мы ўзялі на рэсурсе Numbeo.com. Так, у сярэднім беларус з самым нізкім па законе заробкам можа купіць амаль 228 літраў малака. Менш можа дазволіць сабе расіянін — 175 літраў, а вось палякам і літоўцам гэты прадукт больш даступны: 706 і 467 літраў адпаведна.
Свежых таматаў беларус можа набыць у тры разы менш, чым паляк, а курынага філе — у 2,6 разу менш.
Не такі вялікі разрыў атрымліваецца, калі пералічваць заробак у праязныя білеты на грамадскі транспарт. У гэтым выпадку беларус можа купіць іх 560 штук, паляк — 607, літовец — 608, а расіянін — усяго 388.
Нягледзячы на адносна невысокія цэны на паліва ў нашай краіне, яго даступнасць для тых, хто мае невысокія даходы, нашмат ніжэйшая, чым у суседзяў.
Лічыцца, што ў нашай краіне камунальныя плацяжы даволі нізкія. Сапраўды, у беларуса з мінімальным прыбыткам ад працы больш магчымасцяў заплаціць за ЖКП, чым у расіяніна і паляка. Але менш, чым у жыхара Літвы. Пры гэтым у сярэднім за кватэру на 85 «квадратаў» у Беларусі ЖКП выходзяць 165,8 рубля, у Расіі — 291, у Польшчы — амаль 849, а ў Літве — амаль 672 рублі.
Менш за ўсё ў параўнанні з трыма суседзямі нам даступныя мабільная сувязь, заняткі спортам і паходы ў кіно.
Калі паглядзець на перспектывы буйных пакупак, то і ў гэтым выпадку статыстыка не на нашую карысць. Напрыклад, на адзін метр свайго жылля літоўцам і палякам з самым нізкім заробкам трэба збіраць менш за чатыры месяцы. А беларусу давядзецца гэта рабіць амаль сем месяцаў (ва ўсіх выпадках адкладаючы ўвесь свой заробак). Даўжэй давядзецца збіраць расіяніну — больш за восем месяцаў.
Не хопіць беларусу яго заробку і на аплату (у сярэднім) арэнды аднапакаёвай кватэры, якая знаходзіцца нават не ў цэнтры горада. Для гэтага спатрэбіцца 1,44 такога даходу, расіяніну больш — 1,5. А вось палякі і літоўцы могуць арандаваць такое жыллё, прычым у паляка застаецца яшчэ сума, эквівалентная 320 рублям, а ў літоўца — 758 рублям.
На аўтамабіль Volkswagen Golf або эквівалентны коштам аналаг жыхару нашай краіны давялося б адкладаць цалкам свой даход больш за 11 гадоў, расіяніну — больш за 15 гадоў, паляку — усяго 3,5 года, а літоўцу — 3,4 года. І гэта пры тым, што для нашай краіны цана на такое аўто, паводле звестак рэсурсу, самая нізкая: 65 тысяч рублёў супраць 89,5 у Літве ці 92,7 у Польшчы.
Мы не параўноўвалі гэтых паказчыкаў з Украінай, бо гэтая краіна знаходзіцца ў стане вайны праз расійскую агрэсію, а параўнанне з Латвіяй было б такім самым, як з Польшчай і Літвой.