Беларускія банкі чакаюць, што нашая нацвалюта ў 2024 годзе можа дэвальвавацца. Паводле прагнозу некаторых фінустановаў, беларускі рубель можа абваліцца да 10% адносна цяперашніх значэнняў. Такі прагноз прадстаўнікі банкаў зрабілі на Кірмашы фінансавання ў Мінску. Пра гэта пішуць Office Life і ilex.by.
Як прагназуюць банкі, паводле базавана сцэнара ў наступным годзе беларускі рубель дэвальвуецца прыкладна на 8−10%. Пры гэтым многае будзе залежаць ад курсу расійскага рубля, бо абедзве валюты моцна ўзаемазвязаныя.
У дэталях прагнозы розных банкаў адрозніваюцца, але не надта істотна. Так, намеснік старшыні праўлення «Парытэтбанка» Дзмітрый Захараў паведаміў, што банк закладвае ў свае планы на 2024 год наступныя курсы асноўных валют: даляр — 3,4 рубля, еўра — 3,6 рубля, 100 расійскіх рублёў — 3,54 беларускага.
У «МТБанку» курс амерыканскай валюты прагназуюць у дыяпазоне 3,3−3,4 рубля, а ў Банку развіцця — 3,2−3,4 рубля. Расійскі рубель тут ацэньваюць у дыяпазоне 90−95 за 1 даляр. Дарэчы, многія эксперты лічаць, што ў 2024 годзе даляр аслабне адносна еўра, бо інфляцыя ў ЗША зніжаецца і Федэральная рэзервовая сістэма (аналаг нашага Нацбанка) можа перайсці да зніжэння ключавых ставак.
У большасці банкаў лічаць, што аслабленне беларускай валюты будзе «кіравальным», то-бок без рэзкіх скокаў курсу. Вядома, пры ўмове адсутнасці новых негатыўных фактараў на важных для нас рынках і форс-мажорных сітуацый. У апошнім выпадку магчымыя больш істотныя курсавыя ваганні.
У лістападзе на беларускім рынку склалася ўжо трохі забытая карціна, калі валюта зноў становіцца цікавай суб’ектам гаспадарання. Гэта звязана, па-першае, з тым, што яе шмат — на рынку назіраецца валютны прафіцыт. Па-другое, валютныя крэдыты цяпер амаль удвая таннейшыя за рублёвыя (у сярэднім 5−6% супраць 10% гадавых).
Таму большасць банкаў адзначае рост крэдытавання, у прыватнасці ў далярах. І, як бы дзіўна гэта ні выглядала, некаторыя кліенты пачалі «пераварочваць» рублёвыя крэдыты ў валютныя. Яшчэ два месяцы таму на рынку назіралася супрацьлеглая сітуацыя.
Нагадаем, тым часам даляр працягвае таннець на таргах на Беларускай валютна-фондавай біржы.
Чытайце таксама