Мікалай Лукашэнка ўвайшоў у лік адораных студэнтаў, якіх яго бацька 25 ліпеня заахвоціў штомесячнай прэзідэнцкай стыпендыяй. Магчыма, Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў будучыні яго малодшы сын паслужыць на карысць Беларусі і таму цяпер яго варта прастымуляваць. Хаця… Як паказвае гісторыя, гэтага наўрад ці варта чакаць. Аляксандр Лукашэнка лічыць сябе «савецкім чалавекам», а Беларусь пад яго 29-гадовым кіраваннем многія называюць «аскепкам СССР». І чамусьці якраз сярод дзяцей савецкіх лідараў вельмі шмат эмігрантаў. Расказваем, як на Захад з’язджалі нашчадкі Сталіна, Хрушчова, Андропава і Гарбачова.
Аўтарытарныя кіраўнікі любяць расказваць, што іх шматгадовае знаходжанне ва ўладзе абумоўленае клопатам пра дзяржаву і народ. Падданыя далёка не заўсёды даюць высокую ацэнку гэтым намаганням. Але можна дапусціць, што станоўча думаць пра працу кіраўнікоў маглі б іх дзеці. Калі бацька гады, а то і дзясяткі гадоў сумленна будаваў дзяржаву ўсеагульнага росквіту, то выглядае лагічным, што ў ёй мусіць знайсціся годнае месца і для яго нашчадкаў.
Аднак калі вынесці за дужкі дыктатарскія рэжымы, якім удаецца стварыць сапраўдныя кіраўнічыя дынастыі (накшталт Кімаў у КНДР), выявіцца, што спадчыннікам аўтарытарных лідараў далёка не заўсёды даводзілася ў поўнай меры атрымаць асалоду ад плёну дзяржаўнага будаўніцтва сваіх бацькоў. Адным з самых яскравых прыкладаў можа служыць СССР.
Дачка Сталіна
У першага кіраўніка савецкай дзяржавы Уладзіміра Леніна дзяцей, прынамсі афіцыйна прызнаных, не было. Таму аповед пра нашчадкаў савецкіх лідараў мы пачнём з сям'і Іосіфа Сталіна.
У «бацькі народаў СССР» было два сыны, Якаў і Васіль, і дачка Святлана. Старэйшы сын, Якаў, у ліпені 1941 года на пасадзе камандзіра артылерыйскай батарэі трапіў у нямецкі палон пад Віцебскам і ў 1943 годзе загінуў у канцлагеры Заксенхаўзен. Малодшы, Васіль, у гады Другой сусветнай быў ваенным лётчыкам, а пасля яе даслужыўся да пасады камандуючага ВПС Маскоўскай вайсковай акругі і звання генерал-лейтэнанта авіяцыі. Пасля смерці Сталіна Васіль абвінаваціў яго пераемнікаў у забойстве бацькі, у сувязі з чым яго пасадзілі за антысавецкую прапаганду і злоўжыванне службовым становішчам. Пасля выхаду на волю ў 1961 годзе Васіль Джугашвілі (прозвішчам Сталін яму карыстацца не дазволілі) пасяліўся ў Казані, бо жыць у Маскве і Грузіі яму забаранілі. А ў наступным годзе сын «вялікага правадыра» памёр — ва ўзросце 40 гадоў.
Дачка Сталіна Святлана нарадзілася ў 1926 годзе. Яна вядомая пад прозвішчам сваёй маці, Надзеі Алілуевай. Паводле сведчанняў Льва Троцкага, у раннім дзяцінстве дзяўчынкі Сталін вельмі яе любіў, і нават жонка лідара СССР папракала яго ў залішняй мяккасці да яе і сыноў. У 1932 годзе ў жыццё Святланы прыйшло першае вялікае гора — яе маці скончыла жыццё самагубствам.
Як і Мікалай Лукашэнка, які перад паступленнем ва ўніверсітэт вучыўся ў элітнай Мінскай міжнароднай гімназіі ў Драздах разам з дзецьмі чыноўнікаў, сілавікоў і бізнесоўцаў, дачка Сталіна вучылася ў няпростай навучальнай установе. У тым жа годзе, калі яе мама пайшла з жыцця, Святлана пайшла ў першы клас 25-й узорнай школы Масквы. Навучанне Святланы «супала» са змяненнем складу школьнікаў: калі перад яе прыходам у навучальнай установе было 2000 вучняў, 64% якіх складалі дзеці рабочых, да сярэдзіны 30-х гадоў у ёй засталося ўсяго 800 навучэнцаў з 34% дзяцей пралетарыяў. Затое павялічылася доля дзяцей з сем’яў буйных савецкіх чыноўнікаў, дыпламатаў і вайскоўцаў.
Паміж школамі Мікалая Лукашэнкі і Святланы Алілуевай ёсць і іншыя падабенствы. Хоць Мінская міжнародная гімназія — прыватная адукацыйная ўстанова, ёй не раз вылучалі бюджэтныя грошы на закупку тэхнікі, уборку тэрыторыі і нават аплату абедаў «дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў». Напрыклад, на куплю ноўтбукаў, музычных цэнтраў і капіявальных машын для прыватнай школы з платным навучаннем, у якой два гады вучыўся Мікалай Лукашэнка, з бюджэту пайшло 100 тысяч даляраў беларускіх падаткаплатнікаў.
Падобнае адбылося і з 25-й узорнай школай Масквы пасля прыходу дачкі савецкага правадыра. Калі ў 1932 годзе яна атрымала 195 тысяч рублёў ад дзяржавы і 124 тысячы — ад шэфскага прадпрыемства (газеты «Известия»), то да сярэдзіны 30-х яе бюджэт вырас да паўмільёна рублёў — прытым што колькасць вучняў скарацілася ў 2,5 разу. На аднаго школьніка тут трацілася не менш за 350 рублёў у год — што ў 4−5 разоў вышэй за сярэднюю норму для звычайных савецкіх школ таго часу.
У 1943 годзе Святлана сабралася паступаць у Літаратурны інстытут, але яе выбар не спадабаўся бацьку. У выніку яна пайшла на філалагічны факультэт прэстыжнага Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, адкуль перавялася на гістфак. У 1953 годзе Сталін памёр, прычым Святлана была сведкай яго працяглай і страшнай агоніі. Пасля смерці бацькі маладая жанчына нарэшце вярнулася на сцежку, якая ёй падабалася. У 1954 годзе яна абараніла кандыдацкую дысертацыю «Развіццё перадавых традыцый рускага рэалізму ў савецкім рамане», а ў 1956 годзе ўладкавалася на працу ў Інстытут сусветнай літаратуры.
Хрушчоўская «адліга» суправаджалася дэмантажом культу асобы Сталіна, і ў 1957 годзе Святлана змяніла прозвішча на матчына.
У 1965 годзе Святлана Алілуева вырашыла чацвёрты раз выйсці замуж — за індыйскага камуніста Браджэша Сінгха. Але, як выявілася, нават у паслясталінскім СССР асабістае жыццё яго грамадзян грамадзянам у поўнай меры не належала. Савецкія ўлады ў асобе старшыні Саўміна Аляксея Касыгіна не дазволілі адбыцца гэтаму вяселлю. Неўзабаве пасля гэтага па абвінавачанні ў антысавецкай прапагандзе і агітацыі быў арыштаваны калега, сябар і імаверны каханак Святланы Андрэй Сіняўскі. Дачка Сталіна паспрабавала выцягнуць свайго прыяцеля-палітвязня з турмы, але ў яе нічога не атрымалася, праз што яна на знак пратэсту пакінула Інстытут сусветнай літаратуры.
У 1966 годзе памёр Сінгх, і Святлана Алілуева здолела ўгаварыць Касыгіна адпусціць яе ў Індыю, каб выканаць апошнюю волю каханага чалавека і апусціць яго прах у святыя воды Ганга. У сакавіку 1967 года пасля здзяйснення абраду дачка Іосіфа Сталіна здолела збегчы з савецкай амбасады ў амерыканскую. З дапамогай шакаваных супрацоўнікаў ЦРУ яна таемна трапіла на самалёт да Рыма, адкуль уцякачку пераправілі ў Швейцарыю. Яшчэ праз два месяцы Святлана Алілуева перабралася на пастаяннае месца жыхарства ў ЗША.
У Штатах дачка Сталіна пісала аўтабіяграфічныя раманы (за якія атрымала 2,5 мільёна даляраў ганарараў) і выйшла замуж за амерыканскага прадпрымальніка Уэслі Пітэрса, узяла яго прозвішча і нарадзіла дачку. Праз пару гадоў гэты шлюб распаўся. У 1982 годзе Лана Пітэрс (так цяпер звалі дачку Сталіна) перабралася ў Вялікабрытанію. Пасля смерці савецкіх кіраўнікоў Леаніда Брэжнева і Юрыя Андропава яна ненадоўга вярнулася ў СССР, але ў 1986 годзе з’ехала ў Англію. У 1997 годзе яна канчаткова перабралася ў ЗША, дзе і памерла ў 2011 годзе ў доме састарэлых гарадка Рычлэнд.
Дачка Ланы Пітэрс і ўнучка Сталіна Крыс Эванс жыве ў Портлэндзе. Вядома, што ў 2016 годзе яна працавала ў краме, якая прадае вінтаж і сэканд-хэнд.

Двое дзяцей Святланы Алілуевай ад «савецкіх» шлюбаў, Іосіф і Кацярына, засталіся жыць у СССР. Іосіф Алілуеў, які памёр у 2008 годзе, быў даволі вядомым кардыёлагам, а Кацярына Жданава працавала геафізікам на Камчатцы. Сваёй маці, якая пакінула яе і збегла на Захад, жанчына так і не даравала. Нават пасля смерці Святланы ў 2011 годзе на пытанні журналістаў Кацярына адказвала: «Святлана Алілуева мне не маці, вы нешта блытаеце».
Сын Хрушчова
У наступнага савецкага лідара, Мікіты Хрушчова, было шасцёра дзяцей. Самая старэйшая, дачка Юлія, жыла ў СССР і была замужам за дырэктарам Кіеўскай оперы Віктарам Гонтарам. Сын Леанід быў ваенным лётчыкам і загінуў у баі ў 1943 годзе. Яго рэшткі не знайшлі, нейкі час Леанід Хрушчоў лічыўся зніклым без вестак — а значыць, гіпатэтычна мог знаходзіцца ў палоне. Такіх нічым не абгрунтаваных падазрэнняў хапіла, каб арыштаваць жонку Леаніда Любоў Сівых па падазрэнні ў шпіянажы і адправіць на пяць гадоў у лагеры і на восем гадоў у высылку ў Казахстан. Дачку Любові і Леаніда Юлію (і сваю ўнучку) Мікіта Хрушчоў удачарыў і гадаваў, пакуль Любоў Сівых у 1956 годзе не вярнулася з высылкі.
Другая дачка Хрушчова, Надзея, памерла ў маленстве. Трэцяя дачка, Рада Аджубей, скончыла факультэт журналістыкі МДУ і працавала загадчыцай аддзела, а пазней — намесніцай галоўнага рэдактара часопіса «Наука и жизнь». Яшчэ адна дачка Хрушчова, Алена, з дзяцінства сур’ёзна хварэла на сістэмную ваўчанку. Але здолела атрымаць вышэйшую адукацыю, выйшла замуж і памерла ў 1972 годзе, праз год пасля смерці бацькі.
Найбольш жа цікавы ў кантэксце гэтага тэксту Сяргей Хрушчоў, ён нарадзіўся ў 1935 годзе. Яго маці была трэцяя жонка будучага савецкага лідара Ніна Кухарчук. Яна стала вядомая тым, што першай сярод жонак кіраўнікоў СССР афіцыйна суправаджала мужа ў замежных паездках і на прыёмах. Пры гэтым усе чацвёра сумесных дзяцей Мікіты Хрушчова і Ніны Кухарчук нарадзіліся па-за афіцыйным шлюбам — іх бацькі зарэгістравалі адносіны толькі ў 1965 годзе.
З 1938 года Мікіта Хрушчоў займаў пасаду першага сакратара ЦК Кампартыі УССР, таму Сяргей пайшоў у школу ў Кіеве. Рухаючыся ўверх па кар’ернай лесвіцы, яго бацька перабраўся ў Маскву — школу падлетак скончыў у 1952 годзе ўжо там (з залатым медалём). У тым жа годзе ён паступіў у Маскоўскі энергетычны інстытут.
Пасля заканчэння ВНУ Сяргей Хрушчоў працаваў у ракетна-касмічнай галіне, распрацоўваў праекты крылатых і балістычных ракет, сістэмы прызямлення касмічных караблёў. У гады кіравання бацькі Сяргею Хрушчову надалі званне Героя Сацыялістычнай Працы і ўганаравалі Ленінскай прэміяй. Ён займаў пасады намесніка дырэктара навукова-вытворчага аб’яднання «Электрамаш» у Маскве і пасаду прафесара ў Вышэйшым тэхнічным вучылішчы імя Баўмана.

У 1989 годзе Сяргея Хрушчова запрасілі на канферэнцыю ў Гарвардскі ўніверсітэт у ЗША. КДБ не хацеў выпускаць навукоўца, але той здолеў дамагчыся дазволу на выезд праз лідара СССР Міхаіла Гарбачова. У выніку навуковец асеў у Штатах: пасля Гарварда ён працаваў у Інстытуце Кенэдзі, потым — у Браўнаўскім універсітэце. Хрушчоў-малодшы атрымаў грамадзянства ЗША і жыў у гэтай краіне да самай смерці ў чэрвені 2020 года. Паводле словаў удавы сына савецкага лідара, ён памёр сваёй смерцю — ад старасці. Аднак коранер заявіў, што прычынай смерці стала агнястрэльнае раненне ў галаву. Жонка Сяргея Хрушчова абвяргала гэтыя заявы.
Іншыя «замежныя» нашчадкі савецкіх лідараў
Спробы савецкіх лідараў пабудаваць дзяржаву, што квітнела б, не ацанілі ў поўнай меры і многія іншыя іх нашчадкі. Адзіная дачка першага і апошняга прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова Ірына Вірганская больш за 10 гадоў таму асталявалася ў Германіі. Яна скончыла школу з залатым медалём, атрымала дыплом тэрапеўта ў медыцынскім універсітэце імя Пірагова ў Маскве. Але па спецыяльнасці не працуе — займаецца грамадскай дзейнасцю. Абедзве ўнучкі Гарбачова, Ксенія і Анастасія, таксама жывуць у Германіі, Ксенія адкрыла там краму калекцыйных вінаў.
Унучка старшыні КДБ і савецкага лідара Юрыя Андропава і дачка ягонага сына, савецкага дыпламата Ігара Андропава Таццяна жыла ў амерыканскім Маямі — праўда, за пару гадоў да смерці ад раку ў 2011 годзе паспела вярнуцца ў Расію. У Флорыдзе Таццяна выкладала харэаграфію.
Праўнук Іосіфа Сталіна Вісарыён Джугашвілі (унук Якава, які загінуў у нямецкім палоне) у 2003 годзе папрасіў палітычнага прытулку ў ЗША. Прычынай стала тое, што ў Грузіі ён не мог рэалізаваць свае прафесійныя магчымасці рэжысёра, бо нібыта падвяргаўся цкаванню праз сваё паходжанне і прозвішча.
Чытайце таксама


