Узброеныя cілы Беларусі працягваюць сумесныя трэніроўкі з байцамі ПВК Вагнера. Пра гэта паведаміла 20 ліпеня прэс-служба Мінабароны.
Цягам тыдня падраздзяленні сіл спецыяльных аперацый сумесна з прадстаўнікамі кампаніі адпрацуюць навучальна-баявыя задачы на палігоне «Брэсцкі», адзначылі ў вайсковым ведамстве.
Як паведамілі БЕЛТА ў Мінабароны, ва ўмовах «цяперашняй геапалітычнай абстаноўкі рэальны баявы досвед, які мае ПВК, — гэта магчымасць прадоўжыць развіваць курс, які беларускае войска ўзяло на мадэрнізацыю, перааснашчэнне і хуткае ўкараненне досведу сучасных ваенных канфліктаў у праграму падрыхтоўкі».
Паводле інфармацыі маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», па стане на вечар 19 ліпеня ў Беларусь прыбылі дзевяць калон ПВК Вагнера. На тэрыторыі нашай краіны на гэты момант знаходзяцца больш за 2000 байцоў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі. Чалец «савета камандзіраў» ПВК заявіў, што ў Беларусь прыедзе да 10 тысяч наймітаў.
Раней стала вядома, што пад Асіповічамі вагнераўцы трэніруюць вайсковаабавязаных з Салігорска, якія ўваходзяць у тэрытарыяльную абарону.