Урад трэці раз падоўжыў да канца года контрсанкцыі супраць «недружалюбных» краін. Санкцыі закранаюць імпартныя прадукты. Пра гэта паведамляе прэс-служба Саўміна.
Урад захаваў забарону на ўвоз з «недружалюбных краін» яблыкаў. Увозіць іх можна будзе толькі ў ліпені.
Новы дакумент, падпісаны прэм’ер-міністрам Раманам Галоўчанкам, уводзіць забарону на ўвоз з Літвы і Польшчы піва і слабаалкагольных напояў. Так вырашылі «з улікам вытворчасці аналагічнай прадукцыі ў нашай краіне ў дастатковых аб’ёмах».
Прадуктовае эмбарга падоўжылі да 31 снежня 2023 года ўключна.
Нагадаем, контрсанкцыі, якія забараняюць увоз прадуктаў харчавання з так званых недружалюбных краін, увялі 1 студзеня 2022 года ў адказ на абмежаванні Захаду. Пасля гэтага абмежаванні двойчы падаўжалі. Першапачаткова пад забаронай былі мяса свежае, астуджанае і замарожанае буйной рагатай жывёлы, свініны і хатняй птушкі, субпрадукты, тлушчы, каўбасы, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука з мяса ці мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя, гародніна, садавіна і арэхі, кандытарскія вырабы, соль. Але паступова некаторыя прадукты з яго выключалі. Сярод іх — абрыкосы, вішня, чарэшня, нектарыны, слівы, хурма.