У тэлеграм-канале BYPOL заявілі, што Аляксандр Азараў не ёсць і ніколі не быў заснавальнікам альбо кіраўніком Аб’яднання сілавікоў Беларусі BYPOL. Таксама там напісалі, што ён і Станіслаў Лупаносаў выключаныя з арганізацыі.
«Аляксандр Азараў не ёсць і ніколі не быў заснавальнікам альбо кіраўніком АСБ BYPOL, якое было ўтворанае 20 кастрычніка 2020 года. Фонд BYPOL быў створаны 26 траўня 2021 года ў якасці тэхнічнага элемента функцыянавання АСБ BYPOL, Азараў быў прызначаны яе прэзідэнтам для выканання фармальных функцый. Таксама дадзеная асоба была адной з „медыйных персон“ BYPOL. Калектыў АСБ BYPOL не вылучаў кандыдатуру Азарава ў якасці прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі. У вышэйназваным прадстаўніцтве іншыя супрацоўнікі АСБ BYPOL не знаходзяцца», — гаворыцца ў паведамленні.
Сцвярджаецца, што цяпер супрацоўнікамі АСБ BYPOL праводзіцца «ўнутранае разбіральніцтва ў дачыненні да правамернасці і мэтазгоднасці шэрагу фінансавых аперацый вышэйзгаданага фонду».
Гэтак жа сказана, што Азараў і Лупаносаў «у парушэнне нарматыўных дакументаў адмаўляюцца падаваць фінансавую справаздачнасць, нават па пісьмовых запытах афіцыйных чальцоў праўлення фонду». «Вось ужо 4 дні самапрызначаны «кіраўнік «Байпола» хаваецца ад калектыву, не прыходзіць у офіс, спрабуе рассылаць у СМІ недакладную інфармацыю што да супрацоўнікаў АСБ BYPOL», — гаворыцца ў паведамленні.
«Мы не хацелі выносіць названыя праблемныя пытанні за межы калектыву АСБ BYPOL. З мэтай недапушчэння дыскрэдытацыі Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі, прадстаўніком якога Азараў пакуль з’яўляецца, і іншых беларускіх дэмакратычных структур пісьмова праінфармавалі пра сітуацыю, якая склалася, Офіс Святланы Ціханоўскай і АПКБ. Аднак, наколькі нам вядома, Азараў адмовіўся пачуць «голас розуму» і канструктыўна супрацоўнічаць па цывілізаваным урэгуляванні сітуацыі», — сцвярджаецца тамсама.
«У сувязі з працягам Азаравым і Лупаносавым дэструктыўнай дзейнасці, выяўленымі парушэннямі з іх боку патрабаванняў бяспекі, 7 чэрвеня калектывам Аб’яднання сілавікоў Беларусі BYPOL прынятае рашэнне пра выключэнне названых асобаў са складу гэтай грамадскай арганізацыі», — заключылі аўтары, якія не назвалі сябе.
Нагадаем, раней Аляксандр Азараў заявіў, што з BYPOL была звольненая група супрацоўнікаў у сувязі з адмовай прайсці паліграф. Сярод іх — Мацвей Купрэйчык. Сцвярджаецца, што ён забраў сабе доступ да сацсетак аб’яднання.
У каментары «Люстэрку» Мацвей Купрэйчык пацвердзіў, што пост апублікаваў ён і «звольненыя супрацоўнікі» (відавочна, Азаравым) BYPOL.