Польшча — варожая Расіі дзяржава, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў у інтэрв'ю журналісту Паўлу Зарубіну, перадае «Інтэрфакс». Так Дзмітрый Пяскоў пракаментаваў заяву былога намесніка міністра абароны Польшчы Вальдэмара Скшыпчака пра тое, што яго краіне варта рыхтавацца да народнага паўстання ў Беларусі.
«Польшча — гэта варожая для нас дзяржава», — адрэагаваў Пяскоў. Паводле яго словаў, «польскае кіраўніцтва цяпер даслоўна заходзіцца ў істэрыках і русафобіі».
«Мы бачым, што гэтая варожая нам дзяржава, фактычна, адкрыта кажа пра намер умешвацца непасрэдна, у тым ліку сілавымі метадамі, ва ўнутраныя справы суседняй дзяржавы», — працягнуў Пяскоў.
Пры гэтым ён звярнуў увагу, што Беларусь — партнёр і саюзнік Расіі.
«Натуральна, Расійская Федэрацыя мае абавязанні па забяспечанні бяспекі Беларусі, што мы і будзем рабіць перад абліччам такой відавочнай пагрозы», — дадаў Пяскоў.
Раней пра тое, што Польшча — варожая Расіі дзяржава, заяўляў экс-прэзідэнт Расіі, намеснік кіраўніка Савета бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў.
«Польшча — з кавалкамі Украіны ці без яе — гэта і так бясконца варожае для нас утварэнне», — пісаў ён.
Нагадаем, былы намеснік міністра абароны Польшчы, генерал-лейтэнант у адстаўцы Вальдэмар Скшыпчак выказаўся пра нядаўнія падзеі ў Белгародскай вобласці Расіі, куды зайшла група дыверсантаў з Украіны. Ён дапусціў, што падобныя акцыі неўзабаве могуць адбыцца і на тэрыторыі Беларусі.
«У выпадку поспеху ўкраінскага контрнаступлення ўзброеныя беларусы, якія з’яўляюцца часткай ваеннага патэнцыялу ўкраінскага войска, не складуць зброю, — заявіў Скшыпчак. — Яны адправяцца ў Беларусь. Я спадзяюся, што гэта выкліча паўстанне ў Беларусі, Лукашэнка гэтага баіцца». Ён заклікаў рыхтавацца да гэтай падзеі, «бо яна адбудзецца». Ён лічыць, што Польшча мусіць быць гатовая аказаць падтрымку беларускім падраздзяленням, калі тыя пачнуць аперацыю супраць Лукашэнкі.