Аляксандр Лукашэнка сустрэўся 18 красавіка з «часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка» самаабвешчанай ДНР Дзянісам Пушыліным. Пра гэта паведамляе ягоная прэс-служба.
«Я хацеў бы, што называецца, з першых вуснаў пачуць сітуацыю ў Данецкай Народнай Рэспубліцы, калі гэта магчыма. На фронце як у нас там справы? Таму што цэнтральны так званы ўчастак — ён у вас там самы складаны. Ідуць вельмі інтэнсіўныя баі. І на поўнач, і на поўдзень. Ды і ў напрамку Данецка. Абстрэл. Людзям цяжкавата. І ў гэтай сітуацыі што Беларусь можа зрабіць для Данецка, чым мы можам дапамагчы?» — пацікавіўся Лукашэнка.
На яго думку, «працы наперадзе вельмі шмат».
«Трэба аднаўляцца. Трэба прамысловыя прадпрыемствы адраджаць, сельскую гаспадарку. Урэшце людзі там жыць будуць. Гэта 100%. І карміць людзей жа трэба. Таму мы гатовыя аказаць адпаведную дапамогу і падтрымку для таго, каб не чужыя нам людзі там нарэшце перасталі пакутаваць. Таму я чакаю такой адкрытай ад вас размовы. Давайце падзелімся думкамі», — заявіў ён.
Нагадаем, Дзяніс Пушылін не ўпершыню ў Беларусі. Ён шмат разоў бываў у нашай краіне, калі ў ёй вяліся перамовы ў «нармандскім фармаце». Пасля расійскага ўварвання ва Украіну ён таксама прыязджаў у Беларусь. У ліпені мінулага года ён прыехаў у Брэст разам з сакратаром Генсавета партыі «Адзіная Расія» Андрэем Турчаком.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка дагэтуль не прызнаў на афіцыйным узроўні самаабвешчаныя ЛДНР.
— Дэ-факта мы прызналі, што ёсць Крым, Луганск і Данецк. Таму што мы з імі супрацоўнічаем. А гэта ўсё балбатня: «Чаму там Лукашэнка прызнаў, не прызнаў?..» Трэба — прызнаю ўказам прэзідэнта. Калі гэта трэба будзе. Але цяпер гэта нічога не дасць дадаткова. Дакладна так, як кажуць: «Вось будзе Лукашэнка ваяваць ва Украіне ці не?» Слухайце, дапусцім, я падключыўся б да гэтай аперацыі Расіі ва Украіне. Я нешта дадаў бы да гэтага? Не. Зброя ў нас такая, як у Расіі. Людзей ваенных у іх хапае для таго, каб ваяваць. Мы там проста не патрэбныя цяпер. Дакладна так Луганск, Данецк і Крым, — сказаў Лукашэнка ў інтэрв'ю AFP.