16 кастрычніка стала вядома, што Каардынацыйную раду збіраюцца рэарганізоўваць. Паведамлялася, што яна будзе пашырацца, у яе ўвойдуць прадстаўнікі шырокага кола дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі. Усяго пасля завяршэння зменаў у структуры будзе 115 чалавек. Але навошта патрэбная рэарганізацыя ініцыятывы? Як будзе працаваць Рада? І ці зможа ў яе трапіць звычайны беларус? Пра гэта «Зеркало» паразмаўляла з сябрам Прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольгай Кавальковай.
— Чаму рашэнне пра рэарганізацыю Каардынацыйнай рады было прынятае менавіта цяпер?
— Нейкага сакральнага сэнсу ў гэтым насамрэч няма. За два гады свайго існавання мы пастаянна шукалі новыя формы працы, гэта ўжо трэцяя наша спроба. З траўня 2022 года ўнутры самой Каардынацыйнай рады пачалася дыскусія пра тое, што ёсць вялікая колькасць ініцыятыў і сіл, якія не ўцягнутыя ў нашу дзейнасць, і добра было б гэта змяніць. Унутраныя размовы выліліся ў тое, што ў жніўні на канферэнцыі «Новая Беларусь» мы прынялі гэтае рашэнне. Яно не было простым і кансэнсусным. Але мы хацелі б дадаць Кардынацыйнай радзе новыя паўнамоцтвы. Усё ж такі калі яна стваралася ў 2020 годзе, у краіне былі адны рэаліі. Цяпер яны іншыя. Ні ў грамадстве, ні ўнутры саміх дэмакратычных сіл няма дыскусіі. Нам хацелася б пачаць яе ў нас, каб яна неяк перацякла на грамадства і запусціла гэтыя працэсы. Самае важнае — каб больш беларусаў магло мець інструменты ўплыву на палітыкаў. І мы разважалі, як можа выглядаць гэты працэс. У ідэале гэта, вядома, прамыя выбары. Тады б у людзей была магчымасць выбіраць прадстаўнікоў у Каардынацыйную раду. Гэта ідэальны варыянт, да якога мы б хацелі прыйсці ў выніку. Але паколькі цяпер лічбавая платформа для гэтага яшчэ не гатовая, найбліжэйшым часам мы вырашылі правесці прамежкавую працэдуру: паспрабуем пашырыць Каардынацыйную раду за кошт дэлегавання прадстаўнікоў ужо наяўных ініцыятываў, арганізацый грамадзянскай супольнасці, дэмакратычных сіл.
— Нядаўна ў адным з адкрытых тэлеграм-чатаў Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай, пісаў: «Мы спрабуем пераканаць Каардынацыйную раду стаць протапарламентам. Пашырыць кола прадстаўнікаў. Але поўны склад сабатуе любыя спробы перафарматавання». Паведамленні выдаляюцца праз суткі, цяпер яго ўжо няма. Можаце расказаць, пра што ідзе гаворка?
— Я не ведаю, пра што гаворыць Франак. У прынцыпе, такой (як парламент. — Заўв. оэд.) пляцоўка была заўсёды: у нас былі прадстаўнікі з розных сацыяльных груп, рабочыя групы па напрамках. Такую мадэль мы спрабавалі і раней. Цяпер з новага ў нас з’явіцца магчымасць арганізацыі публічнай дыскусіі і зацвярджэнне праграмных і стратэгічных дакументаў дэмакратычных сіл. Да гэтага ў такім кірунку мы не працавалі. Раней у КР мы запрашалі людзей, а не дэлегатаў ад арганізацый. Цяпер у нас будзе толькі невялікая колькасць людзей, якія вылучаюць асабіста сябе як аўтарытэтных прадстаўнікоў розных груп.
Можа быць, Франку хочацца, каб гэтыя працэсы адбываліся хутчэй, але ў дэмакратыі ніколі нічога хутка не бывае. Ці зможам мы прыдумаць нешта, каб прымаць хуткія рашэнні і мець магчымасць яшчэ і праводзіць дыскусію? Ну, можа быць. Але я маю досвед узаемадзеяння з парламентамі і дэпутатамі розных краін і ведаю на практыцы, як працуе дэмакратыя. Яе мінус у тым, што калі ёсць плюралізм, тады прысутнічае марудлівасць: трэба выслухаць усе меркаванні, улічыць усе пажаданні і прыйсці да нейкага кансэнсусу, які задавальняе ўсіх. Шчыра кажучы, я не бачу ў маруднасці ніякай складанасці. Для мяне важныя вынікі і каб меркаванне ўсіх людзей было ўлічанае.
— Але ў выніку пасля рэарганізацыі Каардынацыйная рада ўсё ж будзе чымсьці накшталт протапарламента?
— Я шчыра скажу, што не вельмі люблю гэтыя параўнанні з органамі ўлады: у Беларусі яны цяпер не такія, якія нам хацелася б бачыць. Але імаверна, калі казаць пра мадэль арганізацыі, падабенствы прысутнічаюць: ёсць прадстаўнікі з розных сектараў, ёсць рабочыя групы па розных напрамках…
— У заяве КР аб рэарганізацыі гаварылася і пра дэлегаванне ў Раду 75 чалавек ад дэмакратычных сіл. Растлумачце, хто менавіта пад імі маецца на ўвазе.
— Любы прадстаўнік арганізацыі або ініцыятывы можа запоўніць анкету і дэлегаваць свайго прадстаўніка. Дэмакратычныя сілы — гэта палітычны сектар, партыі, ініцыятывы, якія дзейнічаюць на палітычным полі. Другая частка з гэтых 75 чалавек — гэта прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці. Падчас запаўнення анкеты чалавек можа самавызначыцца, каго ён прадстаўляе. Мы робім гэта для таго, каб не было перакосу, каб да нас не прыйшло шмат палітычных актывістаў і не правісаў грамадзянскі сектар. Мы хацелі б бачыць баланс.
— Дапусцім, нягледзячы на рэпрэсіі, у краіне яшчэ засталіся людзі, якія не баяцца цікавіцца палітыкай. Пры гэтым праз пагрозу крымінальнага пераследу ім страшна ўступаць у ініцыятывы, знаходзячыся ў Беларусі. І таму цяпер усё гэта гучыць так, што ў працу Рады ўсё роўна будуць уключацца толькі сябры арганізацый за мяжой. Вы думалі пра гэта?
— У нас была такая дыскусія, бо пэўная колькасць сябраў Каардынацыйнай рады цяперашняга складу па-ранейшаму знаходзіцца ў Беларусі. І, вядома, калі мы заяўляем пра тое, што ў нас плануюцца рэформы, мы бачым рэакцыю з боку ўладаў. Шчыра скажу, я не думаю, што ў тых умовах, якія ёсць цяпер, мы можам чакаць удзелу вялікай колькасці людзей унутры краіны. Але мы адкрытыя, мы абмяркоўваем з партнёрамі па грамадзянскім сектары нейкія магчымыя меры бяспекі, якія могуць прымяняцца для такіх выпадкаў. Асабіста я разумею, што кожны чалавек, які хоча ўдзельнічаць адкрыта, ідзе на сур’ёзную рызыку, бо затрыманні ў краіне адбываюцца кожны дзень. І, хутчэй за ўсё, я магу выказаць здагадку, што так, адкрытая праца магчымая толькі з тымі людзьмі, якія не знаходзяцца ў Беларусі. Ёсць прадстаўнікі дыяспары, якія даўно ўжо жывуць у еўрапейскіх краінах, але займаюцца беларускім парадкам дня…
— Патлумачу, што маю на ўвазе. Падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» я бачыла шмат каментароў пра тое, што гэта быў нейкі міжсабойчык. Таму цяпер узнікае пытанне, ці не будзе рэфармаваная Каардынацыйная рада нейкім чарговым урадам у выгнанні, які не надта разумее, чым жывуць беларусы ў краіне?
— Калі мы гаворым пра дэлегаванне ад палітычных структураў… Відавочна, не ўсе палітычныя актывісты і прадстаўнікі грамадзянскіх арганізацый цяпер знаходзяцца за мяжой. Нейкая частка беларусаў, якая была ўцягнутая ў палітыку, па-ранейшаму жыве ў нашай краіне. Так, гэта невялікі працэнт, і, можа быць, у нас не так часта ёсць магчымасць шырокай камунікацыі з імі. Але мяркуецца, што калі чалавек дэлегаваны ад сваёй арганізацыі, то ў яго ёсць магчымасць узаемадзеяння з людзьмі, якія ў яе ўваходзяць. У тым ліку з тымі, хто застаўся і ў самой Беларусі.
Для мяне ідэальная магчымасць уплыву людзей на палітыку — гэта прамыя выбары. Будзе добра, калі мы зможам прыйсці да таго, што беларусы ў бяспечным рэжыме змогуць зарэгістравацца і прагаласаваць, аддаць свой голас за кагосьці і ўплываць на павестку. Але гэта будзе наступны крок. [Цяперашняе перафарматаванне] я не магу характарызаваць як ідэальны механізм. Але з таго, што мы сёння можам рабіць… гэта рашэнне, якое адлюстроўвае рэальнасць.
— Вы сказалі, што асноўная праблема для прамых выбараў у КР — гэта адсутнасць лічбавай платформы. Калі яна з’явіцца, можна чакаць і такіх зменаў?
— Так, вядома. Для нас прыярытэт — гэта прамыя выбары. І цяпер мы не можам іх правесці, таму што такіх інструментаў няма.
— Як вы думаеце, наколькі ва ўмовах дэпалітызацыі людзі ў прынцыпе захочуць быць ўцягнутыя ў нейкі працэс выбіральнасці дэлегатаў у Раду?
— Ад палітыкаў залежыць нашае жыццё і тое, куды рухаецца краіна, якія мэсіджы яны агучваюць унутры Беларусі і на міжнароднай арэне. Галасаванне — гэта першы крок, каб людзі маглі на іх уплываць. […] Але гэтага мала. Грамадская актыўнасць і ўцягванне мусяць працягвацца і пасля таго, як чалавек прагаласаваў. Важна сачыць за тым, што робяць палітыкі, нагадваць ім пра тое, што людзі не згодныя з нейкімі дзеяннямі. Калі мы ўсё гэта не спрабуем кантраляваць, то атрымліваецца, што нашымі жыццямі пачынаюць кіраваць. Мне б хацелася, каб мы авалодалі дэмакратычнымі інструментамі. Таму што калі людзі кажуць «навошта нам гэта трэба», тады я не ведаю, калі мы прыйдзем да дэмакратыі…
— Вы гаворыце як палітык, а я спрабую паставіць сябе на месца простага беларуса. Гэта ж так не працуе, людзям нельга сказаць: «Прыходзьце і ўдзельнічайце».
— Так, і мне здаецца, што тут для нас ёсць шмат выклікаў. Чым мы можам зацікавіць чалавека? Напэўна, варта падумаць над тым, ці можа КР даць нешта людзям, ці могуць іншыя палітычныя лідары нешта прапанаваць беларусам, ці рэпрэзентуюць яны сёння іх інтарэсы. Напэўна, цяпер для нас гэта выклік, ці зможам мы гаварыць пра сацыяльную павестку, а не толькі пра нейкія радыкальныя мэсіджы. Ці зможам мы трымаць руку на пульсе? Ці гатовыя сёння ў прынцыпе людзі ў нешта ўключацца? Я думаю, калі ў нашай працы мы зможам адлюстроўваць [патрэбы грамадства], можа быць, і цікавасць да нас таксама з’явіцца.
— Навошта беларусам Каардынацыйная рада?
— Па-першае, гэта гарызантальная пляцоўка, на якой прадстаўленыя людзі з рознымі думкамі, з розных сектараў. Яе развіццё стратэгічна важнае для беларусаў, бо плюралізм меркаванняў, існаванне розных пазіцый у адной прасторы — гэта глеба для грамадскай дыскусіі. А гэта аснова дэмакратыі.
Другая задача — гэта кансалідацыя экспертаў і спецыялістаў з розным бэкграўндам на адной пляцоўцы для сумеснага пошуку рашэнняў. Усе гэтыя людзі працуюць дзеля зменаў у Беларусі больш чым два гады, яны будуць далей думаць над праектамі, якія могуць дапамагчы змяніць рэжым у нашай краіне на дэмакратычны.
І трэцяе — Каардынацыйная рада будзе думаць над тым, якія ідэі можна рэалізоўваць цяпер, каб неяк паўплываць на сітуацыю ўнутры краіны.