На перадавой савецкіх рэпрэсій 20−40-х гадоў мінулага стагоддзя знаходзіліся супрацоўнікі органаў УНК-АДПУ-НКУС. Менавіта «чыстымі рукамі» гэтых людзей «з гарачымі сэрцамі і халоднымі галовамі» раскручваўся велізарны махавік дзяржаўнага тэрору. Але галоўны архітэктар сістэмы, які надаў ёй ілюзію «сацыялістычнай законнасці», ніколі не быў чэкістам. Андрэй Януар’евіч Вышынскі за 70 гадоў свайго жыцця паспеў пабываць на мностве дзяржаўных пасадаў, але вядомы стаў як абвінаваўца на гучных судовых працэсах у часы Вялікага тэрору. Як гэты патомны польскі шляхціц ператварыўся ў галоўнага тэарэтыка і ідэолага масавых рэпрэсій? Расказваем.
Гэты тэкст — другі ў нашым праекце «Апрычнікі». У ім мы расказваем пра малавядомых антыгерояў савецкай эпохі, якія мелі непасрэднае дачыненне да рэпрэсій, але не надта вядомыя шырокай публіцы.
Чужы сярод сваіх
«Вышынскі быў адзіным адукаваным чалавекам ва ўсім сталінскім кіраўніцтве. Хто ў ацалелым сталінскім асяроддзі ведаў хоць адну замежную мову? Баюся, мала хто ведаў як след нават рускую. А Вышынскі гаварыў не толькі на мове маці (рускай) і бацькі (польскай), але і на вельмі добрай французскай, засвоенай у першакласнай царскай гімназіі. Ён ведаў горш, але таксама нядрэнна, яшчэ і англійскую, і нямецкую. У плане ведаў, неабходных для сур’ёзнага дзяржаўнага дзеяча, яму не было роўных у сталінскім кіраўніцтве 40-х гадоў. Дасведчаным у гэтым кіраўніцтве наогул няма чаго было рабіць: з фатальнай непазбежнасцю іх выштурхвала адтуль на жывадзёрню машына знішчэння. Усіх — акрамя Вышынскага. Таму што давер Сталіна да яго <…> быў амаль бязмежным», — так вядомы расійскі адвакат і пісьменнік Аркадзь Ваксберг апісвае ўнікальнае месца, якое Андрэй Вышынскі займаў у найвышэйшых эшалонах сталінскай наменклатуры. І трапіў ён туды, прайшоўшы праз некалькі дзіўных паваротаў у першай палове жыцця.
Як і іншы вядомы савецкі дзеяч, Фелікс Дзяржынскі, Андрэй Вышынскі нарадзіўся ў сям'і патомнага польскага шляхціца. Адбылося гэта 10 снежня 1883 года. Калі будучы галоўны чэкіст з’явіўся на свет у родавым маёнтку на тэрыторыі цяперашняга Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці, то Вышынскі — у Адэсе. Па бацьку Андрэй Януар’евіч даводзіцца сваяком польскаму кардыналу Стэфану Вышыньскаму, імем якога названы ўніверсітэт у Варшаве. Зрэшты, у афіцыйнай даведцы чальца ЦК КПСС Андрэй Януар’евіч Вышынскі названы рускім.
Неўзабаве пасля нараджэння Андрэя сям’я пераехала ў Баку, дзе хлопчык вучыўся ў мужчынскай класічнай гімназіі імя імператара Аляксандра III. У 1901 годзе Вышынскі паступіў на юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, але ўжо ў наступным годзе быў адлічаны за ўдзел у рэвалюцыйнай дзейнасці. Вярнуўшыся ў Баку, у 1902 годзе стаў сябрам меншавіцкай фракцыі Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (РСДРП) і браў удзел у рэвалюцыі 1905 года. У 1908 годзе будучы абвінаваўца ў палітычных працэсах быў асуджаны за «казанне публічна супрацьурадавай прамовы». За гэтае злачынства Вышынскі атрымаў смешны па мерках сацыялістычнай законнасці тэрмін — ён правёў год у Баілаўскай турме ў Баку. У камеры меншавік Вышынскі часта спрачаўся з іншымі арыштантамі. Адным з ягоных апанентаў быў бальшавік Іосіф Джугашвілі — так Вышынскі пазнаёміўся са Сталіным.
Зрэшты, ёсць версія, што іх знаёмства адбылося значна раней — яшчэ ў 1902 годзе, калі Вышынскі мог браць удзел у абароне юнага Сталіна падчас Батумскага працэсу.
Пасля вызвалення Вышынскі вярнуўся ў Баку, дзе ў 1909 годзе ў яго нарадзілася дачка. Затым ён змог аднавіцца ў Кіеўскім універсітэце (з якога выключаўся царскім рэжымам без права аднаўлення) і ў 1913 годзе, ва ўзросце 29 гадоў, нарэшце завяршыў вышэйшую адукацыю. Дыпламаваны юрыст зноў адправіўся ў Баку, дзе выкладаў у гімназіі, а затым перабраўся ў Маскву працаваць памочнікам у вядомага адваката, ураджэнца Віцебска Паўла Малянтовіча, на той момант — прысяжнага паверанага акругі Маскоўскай судовай палаты, а пазней — міністра юстыцыі і вярхоўнага пракурора Расіі ў Часовым урадзе. Дзякуючы Малянтовічу, які праславіўся на адвакацкай ніве як абаронца пісьменніка Льва Талстога, маракоў-паўстанцаў крэйсера «Азоў» і ўдзельнікаў збройнага чыну 1905 года, перад Вышынскім адкрылася перспектыва бліскучай юрыдычнай практыкі.
Падчас Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года меншавік Вышынскі падтрымаў Часовы ўрад і быў прызначаны камісарам першага ўчастка міліцыі Якіманскага раёна Масквы, а затым быў абраны старшынёй управы таго ж раёна. Мабыць, самым яркім эпізодам гэтага перыяду ў біяграфіі Вышынскага стала падпісанне распараджэння аб няўхільным выкананні на даручанай тэрыторыі загаду Часовага ўрада аб вышуку, арышце і адданні суду Уладзіміра Леніна — як нямецкага шпіёна.

Вышынскі не адразу падтрымаў бальшавіцкі пераварот у кастрычніку 1917 года. Па словах знаёмых, пералом у стаўленні да бальшавікоў у яго адбыўся толькі ўвосень 1918 года (то-бок праз год пасля рэвалюцыі), а ў партыю бальшавікоў ён уступіў толькі ў 1920 годзе. Магчыма, ён быў адзіным, каму рэкамендацыю, неабходную для ўступлення ў партыю, даў асабіста Сталін.
Службу на новую ўладу Вышынскі пачынаў у Наркамаце харчавання, куды трапіў па пратэкцыі бакінскага рэвалюцыянера Арцемія Халатава (Арташэса Халацянца). У 1938 годзе, калі яго пратэжэ быў ужо пракурорам СССР, Халатаў быў арыштаваны і ў поўнай адпаведнасці з сацыялістычнай законнасцю ва ўяўленні пра яе Вышынскага — расстраляны.
У пачатку 20-х Вышынскі быў прафесарам Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дэканам эканамічнага ўніверсітэта Інстытута народнай гаспадаркі і пракурорам крымінальна-судовай калегіі Вярхоўнага суда РСФСР. У 1925 годзе ён стаў ужо рэктарам МДУ, а з 1928 года ўзначальваў Галоўнае ўпраўленне прафесійнай адукацыі. Паралельна з гэтым ён займаў усё больш высокія судовыя пасады і ўдзельнічаў у гучных палітычных працэсах таго часу — Шахцінскай справе 1928 года, справе Прампартыі 1930 года, справе супраць савецкіх і брытанскіх інжынераў прадпрыемства «Метро-Виккерс» 1933 года.

«Рэвалюцыйнае сумленне»
Дзіўным чынам Вышынскі не толькі ацалеў напярэдадні і ў гады Вялікага тэрору, але і бесперапынна падымаўся ў гэты перыяд па кар’ернай лесвіцы. У 1931 годзе ён быў ужо пракурорам РСФСР, у 1933-м — намеснікам пракурора, а ў 1935−1939 гадах — пракурорам СССР. Магчыма, гэта звязана з тым, што былы меншавік быў вельмі зручнай фігурай для Сталіна, які нярэдка выкарыстоўваў непасрэдны ціск на свайго «інквізітара», калі заўважаў найменшыя ваганні з яго боку.
Разумны, адукаваны і адначасова пакорлівы Вышынскі ствараў юрыдычную базу для сталінскіх рэпрэсій наогул і Вялікага тэрору 1937−1938 гадоў у прыватнасці. Вышынскі не проста апраўдваў рэпрэсіі — ён даказваў іх неабходнасць, заклікаў адмаўляцца ад паняцця свабоды асобы і ад права на абскарджанне судовага прысуду. Яго ўяўленні пра «сацыялістычную законнасць» добра ілюструе наватарскі прынцып «прэзумпцыі вінаватасці», згодна з якім прызнанне віны падсудным з’яўляецца найлепшым доказам злачынства. Зрэшты, нават калі з дапамогай усіх даступных чэкістам метадаў прызнанне ад абвінавачанага атрымаць не ўдавалася, яго лёс, на думку Вышынскага, усё роўна павінныя былі вызначаць не наяўныя альбо адсутныя доказы віны, а «рэвалюцыйнае сумленне пракурора».
На думку Вышынскага, савецкі суд не мусіў ставіць за мэту высвятленне абсалютнай ісціны з дапамогай неабвержных доказаў, а павінен быў імкнуцца толькі да вызначэння максімальнай імавернасці здзяйснення злачынства. Менавіта з гэтага пасылу бярэ пачатак шырока распаўсюджаная ў сталінскім СССР практыка крымінальнага пераследу не за ўчыненыя злачынствы, а за нейкія нібыта намеры іх здзейсніць — практыка, якая ў XXI стагоддзі вярнулася ў Беларусь.
Вынясенне абвінаваўчых прысудаў без наяўнасці безумоўных доказаў абвяшчаецца нормай для савецкай судовай сістэмы ў манаграфіі Вышынскага «Тэорыя судовых доказаў у савецкім праве», за якую аўтар атрымаў Сталінскую прэмію I ступені.
Расправам над апанентамі Сталіна трэба было надаць ілюзію законнасці. Гэтую задачу вырашалі старанна зрэжысаваныя інсцэніроўкі палітычных судовых працэсаў, якія за Вышынскім набылі рысы сапраўдных тэатральных пастановак. Самыя рэзанансныя працэсы праводзіліся ў калоннай зале Дома Саюзаў, былі адкрытымі, на іх запрашаліся замежныя журналісты. Такое прадстаўленне патрабавала немалога артыстычнага таленту ад галоўных дзейных асоб і асабліва — ад дзяржаўнага абвінаваўцы. Вышынскі выдатна спраўляўся з гэтай роляй.
Цікава, што, выступаючы на звычайных крымінальных працэсах, юрыст Вышынскі строга прытрымліваўся традыцыйных нормаў і правілаў. А на палітычных судах яго быццам падмянялі. Дзяржаўны чыноўнік высокага рангу паводзіўся як танны тэлевізійны прапагандыст, абзываючы падсудных, чыя віна фармальна яшчэ нават не была даказаная, «праклятай мяшанкай лісіцы і свінні», «паганымі сабакамі», «вылюдкамі», «перараджэнцамі», «шалёнымі сабакамі капіталізму», «пагарджанымі авантурыстамі», «праклятымі гадамі» і «чалавечымі адкідамі».
Варта адзначыць, што статс-сакратар Імперскага міністэрства юстыцыі Трэцяга Рэйха Роланд Фрэйслер прысутнічаў на некаторых судовых працэсах з удзелам Вышынскага ў 1938 годзе і вывучаў яго вопыт, які затым быў выкарыстаны ў паказальных працэсах Народнай судовай палаты, якія праводзіліся нацыстамі.
У траўні 1939 года Вышынскі пайшоў на павышэнне, стаўшы намеснікам старшыні Савета народных камісараў (СНК) СССР (фактычна, намеснікам прэм’ер-міністра). На гэтай пасадзе да 1944 года ён курыраваў як культуру і навуку з адукацыяй, так і дзейнасць рэпрэсіўных органаў.
З пачатку нямецкага ўварвання ў Савецкі Саюз Вышынскі ўзначальваў новы орган — юрыдычную камісію пры СНК СССР. У 1945−1946 гадах фактычна кіраваў дзейнасцю савецкай дэлегацыі падчас Нюрнбергскага трыбунала. Тут ён бліскуча выканаў задачу Сталіна па недапушчэнні публічнага абмеркавання сакрэтных савецкіх пагадненняў з нацыстамі ў 1939−1941 гадах.
Зрэшты, пасля 1940 года цэнтр прымянення сіл і талентаў Вышынскага, якія ў яго, несумненна, былі, пачаў перамяшчацца ў бок дыпламатыі. У 1940-м ён кантраляваў стварэнне прасавецкага ўрада ў Латвіі і далейшую анексію краіны Савецкім Саюзам. 1 кастрычніка 1940 года ён быў прызначаны намеснікам народнага камісара замежных справаў (па сутнасці, намеснікам кіраўніка МЗС). Вышынскі лёгка ўпісаўся ў новую для сябе працу, выгадна адрозніваючыся ад астатняга атачэння Сталіна валоданнем чатырма замежнымі мовамі.
Дыпламат Вышынскі наладжваў сувязі з саюзнікамі па антыгітлераўскай кааліцыі, браў удзел у перамовах з Японіяй, Румыніяй і Балгарыяй, аказваў прававую падтрымку маршалу Георгію Жукаву падчас падпісання Акта аб капітуляцыі Германіі.
У 1949−1953 гадах Вышынскі займаў пасаду міністра замежных справаў СССР. Пасля смерці Сталіна яго адданы інквізітар быў зняты з міністэрскай пасады і адпраўлены прадстаўніком СССР пры ААН у Нью-Ёрк, дзе і памёр у лістападзе 1954 года, рыхтуючыся да чарговага выступлення.
Штрыхі да партрэта інквізітара
Галоўны тэарэтык і ідэолаг сталінскіх чыстак у памяці навакольных застаўся вельмі супярэчлівай фігурай. У прыватнасці, Валянцін Беражкоў, савецкі дыпламат, публіцыст і перакладчык Сталіна, успамінаў пра яго так: «Вышынскі быў вядомы сваёй грубасцю з падначаленымі, здольнасцю наводзіць страх на навакольных. Але перад вышэйшым начальствам трымаўся лісліва, дагодліва. Нават у прыёмны пакой наркама ён заходзіў як увасабленне сціпласці. Мабыць, з прычыны свайго меншавіцкага мінулага Вышынскі асабліва баяўся [кіраўніка НКВД] Берыі і [яго набліжанага] Дэканозава, апошні нават пры людзях называў яго няйначай як „гэты меншавік“… тым большы страх адчуваў Вышынскі ў прысутнасці Сталіна і [савецкага прэм’ера] Молатава. Калі тыя яго выклікалі, ён уваходзіў да іх прыгнуўшыся, неяк бачком, з ліслівай усмешкай».
Яшчэ больш рэльефным вобраз Вышынскага робіць эпізод, звязаны з падмаскоўнай дачай Леаніда Серабракова, начальніка Цэнтральнага ўпраўлення шашэйных дарог і аўтамабільнага транспарту пры СНК СССР. У 1936 годзе Серабракоў быў арыштаваны па справе «паралельнага антысавецкага трацкісцкага цэнтра», а ў 1937 годзе — расстраляны. Яго дачка Зора ўспамінала, як за паўтара года да арышту бацькі да іх на дачу ў Ніколінай Гары прыехаў Вышынскі. У яго таксама была дача ў гэтым жа пасёлку, але ў менш маляўнічым месцы. У працэсе гутаркі з Серабраковым Вышынскі агледзеўся і сказаў: «Ах, які ж у вас дзівосны ўчастак, дарагі Леанід Пятровіч!» Пасля арышту Серабракова ва ўпраўленні дачнага кааператыва неадкладна з’явілася заява Вышынскага, у якой ён прасіў «перадаць мне дачу № 14, якое належала выкрытаму цяпер ворагу народа Серабракову».
На працэсе над удзельнікамі «антысавецкага трацкісцкага цэнтра» Вышынскі быў абвінаваўцам і паралельна афармляў дакументы на дачу аднаго з падсудных, якога ён патрабаваў расстраляць. Дача перайшла ва ўласнасць пракурора яшчэ да заканчэння працэсу. Дачка Серабракова, Зора, у адпаведнасці з прынцыпамі сацыялістычнай законнасці, была арыштаваная як дачка ворага народа і змешчаная ў дзіцячы прыёмнік для малалетніх злачынцаў.