На трасе М7 Мінск — Ашмяны — мяжа Літвы перакуліўся мікрааўтобус з пасажырамі, паведамілі ў абласной міліцыі.
ДТЗ адбылося каля 5.30. 41-гадовы кіроўца Mercedes на 91-м кіламетры трасы не справіўся з кіраваннем. Аўтамабіль з’ехаў у кювет і перакуліўся.
У салоне мікрааўтобуса ехалі восем пасажыраў з Мінска ў аэрапорт Вільні. З усіх тых, хто знаходзіўся ў аўтамабілі, рэмень бяспекі выкарыстоўвалі толькі кіроўца і адзін пасажыр. Яны не пацярпелі.
Медыкі даставілі на абследаванне трох пасажырак. Іх жыццю і здароўю нічога не пагражае.