Опубликовано 19 жнiўня 2024 у 17.27
Адрес в интернете: https://by-zerkalo-mirror.store/news/life/76189.html    

Мінчуку прыйшла позва ў ваенкамат, але ён з'ехаў у Польшчу. Вось як яго пакараў суд, калі ён вярнуўся

У Менску вынеслі прысуд 24-гадоваму хлопцу, якога абвінавачвалі ва ўхіленні ад прызыву на вайсковую службу, піша агенцтва «Мінск-Навіны» са спасылкай на пракуратуру.

Фото: TUT.BY
Выява выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі. Фота: TUT.BY

Згодна з матэрыяламі справы, малады чалавек 29 красавіка 2024 года па позве мусіў з’явіцца ў вайсковы камісарыят Ленінскага раёна для адпраўкі да месца праходжання тэрміновай службы, аднак гэтага не зрабіў, бо напярэдадні з’ехаў у Польшчу.

У ліпені хлопец вярнуўся ў Беларусь, на яго завялі крымінальную справу.

Суд прызнаў мінчука вінаватым па ч. 1 арт. 435 КК (Ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу) і асудзіў на год пазбаўлення волі ўмоўна. Пакаранне не выканаюць, калі цягам года ён не здзейсніць новага злачынства і возьме ўскладзеныя на яго абавязкі: у вольны час выканае грамадска карысныя працы ў аб’ёме 100 гадзін і выплаціць у даход дзяржавы крымінальна-прававую кампенсацыю ў памеры 100 базавых велічынь (4000 рублёў).

Прысуд не ўступіў у сілу, можа быць абскарджаны і апратэставаны ў вызначаным законам парадку.

Чытайце таксама

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO