Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Это все было понято неправильно». Вадим Галыгин — о своей позиции в 2020 году
  2. Пасля вяселля злодзея ў законе Лукашэнка загадаў разабрацца з ім. Як «эскадроны смерці» знішчалі беларускіх аўтарытэтаў
  3. У Індыі ўпаў і загарэўся пасажырскі самалёт, на борце былі 242 чалавекі. Ёсць загінулыя
  4. С 1 сентября беларусы обязаны обеспечить детям образование на родине. А что с живущими за границей — рассказали в Минобразования
  5. «Восстающий лев». Израиль нанес масштабные удары по Ирану — атакованы ядерные объекты и ракетные заводы
  6. Доллару прогнозируют глубокое падение: итоги рынка валют
  7. Власти, по всей видимости, хотят «отжать» очередной частный бизнес. В этой истории появились новые подробности
  8. Новая глава ПВТ позвала уехавших айтишников домой, но с условием. «Зеркало» попросило их ответить — вот что вышло
  9. «Хлопцы, мы знахабіліся да крайнасці». Лукашэнка патлумачыў, чаму лётае па Беларусі на верталёце, а не ездзіць з картэжам
  10. «Запхнуць пасту назад у цюбік» не атрымаецца. Што такое эпідэмія адзіноты і чаму Беларусь таксама не пазбегла трапляння ў трэнд
  11. Чыноўнікі ўзяліся за заробкі насельніцтва — рассылаюць «лісты шчасця» і прыдумалі новаўвядзенне
  12. «А мы можам сабе гэта дазволіць?» ААН назвала галоўную прычыну, чаму ў сем'ях стала менш дзяцей, — беларускім уладам не спадабаецца
  13. Российская армия достигла границы Днепропетровской области: в ISW рассказали о ее тактике с целью продвинуться вглубь
  14. «Это наши деньги, народные». Вслед за картофельным заговором Лукашенко обнаружил в торговле кредитный
Читать по-русски


/

Калі мы абмяркоўваем з кім-небудзь дыеты ці схудненне, то не заўсёды задумваемся, што для некага такія гісторыі становяцца пачаткам шляху да сур’ёзнага захворвання. Разлады харчовых паводзінаў і, у прыватнасці, нервовая анарэксія — гэта не проста капрызы ці жаданне скінуць «яшчэ пару кіло», а адна з самых небяспечных і нават смяртотных форм разладу псіхікі. Звычайна чалавек, які на яе пакутуе, амаль цалкам адмаўляецца ад ежы, страчвае вагу да крытычнай мяжы і сутыкаецца з цяжкімі наступствамі для здароўя. «Люстэрка» пагаварыла з беларускай, якая здолела перамагчы гэтае захворванне ў юным узросце і цалкам вылечылася, — расказваем яе гісторыю.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: unsplash.com / Sam Badmaeva
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: unsplash.com / Sam Badmaeva

Імя суразмоўніцы змененае.

«У нейкі момант мае порцыі сталі як для трохгадовых дзяцей»

Цяпер Дар'і 16 гадоў. У дзяцінстве яна не надавала вялікага значэння лічбе на вагах, да таго ж заўсёды займалася спортам і была стройнай. Але адносіны з уласным целам пачалі рэзка мяняцца пасля вымушанага пераезду сям'і з Беларусі.

— Я заўсёды была фактычна як вавёрка ў коле: у мяне не было часу проста пасядзець і падумаць. Дома хадзіла на ўсякія гурткі і падрыхтоўчыя заняткі, а ў эміграцыі актыўна шукала новых знаёмстваў і любімых месцаў. І вось як толькі ўсталявалася руціна, давялося спыніцца і зменшыць абароты, — успамінае суразмоўніца. — Тады ў мяне пачалася паніка, нібы я не ведаю, што рабіць са сваім жыццём.

Як прызналася Дар’я, да гэтага яна хаця б прыкладна ўяўляла, як і што будзе рабіць далей: куды паступаць, што вывучаць, чым займацца, да чаго імкнуцца. Але з пераездам яна трапіла ў сітуацыю, калі стала незразумела, дзе яна будзе праз два месяцы.

— Перажыванні пра паступленне ці пошукі магчымай працы наклаліся адно на адно, і ў нейкі момант мне проста прыйшла ідэя схуднець. Ужо потым псіхіятр мне патлумачыла, што, хутчэй за ўсё, так я хацела вярнуць сабе кантроль хоць над нечым і гэтым «нечым» стала вага, — расказвае Дар’я. — Я паставіла сабе мэту спачатку схуднець з 55 кілаграмаў да 50 пры росце 1,75 метра.

Адзначым, што па мерках дарослых людзей нават першапачатковая вага Дар'і — 55 кілаграмаў — для росту 1,75 метра лічыцца недастатковай (паводле стандартнай формулы разліку індэкса масы цела, якую выкарыстоўваюць медыкі). Зрэшты, гэты паказчык мае свае нюансы: ён не ўлічвае ўзросту, полу, асаблівасцяў целаскладу і мышачнай масы цела, таму яго значэнне можа паказваць толькі на магчымую праблему.

— Для гэтага паставіла на тэлефон трэкер калорый і вырашыла, каб бацькам нічога не казаць і не тлумачыць, проста змяншаць порцыі, якія накладваю сабе падчас сняданку, абеду і вячэры, — успамінае суразмоўніца. — Так паступова колькасць ежы ўсё больш скарачалася. У нейкі момант мае порцыі па памеры сталі як для трохгадовых дзяцей, хоць ім і тое, магчыма, даюць больш ежы за адзін прыём.

«Яшчэ праз пару месяцаў я не баялася толькі піць чай, есці гародніну і садавіну, і тое не ўсю»

Як успамінае Дар’я, за дзень яна ела не больш за 1500 кілакалорый і адразу старалася «спаліць» усё з’едзенае актыўнымі заняткамі лёгкай атлетыкай і хадзьбой.

Паводле разлікаў, грунтуючыся на параметрах і ўзросце Дар'і, толькі для падтрымання яе першапачатковай вагі неабходна спажываць за дзень каля 1680 ккал. Прычым гэта пры ўмове адсутнасці актыўных заняткаў спортам і якой-кольвек іншай інтэнсіўнай нагрузкі.

Такім чынам суразмоўніца «Люстэрка» за два месяцы скінула вагу да задуманай лічбы ў 50 кілаграмаў.

— Потым я вырашыла, што, значыць, магу скінуць і больш, раз арганізму не так і дрэнна. Толькі цяпер, калі мінуў час, я зразумела, што проста не заўважала фізічных змен і не ўспрымала іх як праблему, — адзначае Дар’я. — На самай жа справе я стала пастаянна стомленай і раздражнёнай, а падчас заняткаў бегам паказвала горшыя вынікі, чым раней. А потым зніклі месячныя. На гэта я таксама ў цэлым не звярнула ўвагі: падумала, што праз актыўныя заняткі бегам такое можа здарыцца. Той факт, што ва ўсіх дзяўчат на маіх трэніроўках яны былі, мяне не асабліва бянтэжыў. Думала, што мой арганізм проста рэагуе на заняткі інакш.

Адначасова з рашэннем схуднець яшчэ больш у Дар'і з’явіліся «забароненыя прадукты», якія яна пачала баяцца есці. Ёй стала здавацца, што пэўная ежа прынясе ёй больш шкоды, чым карысці.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: unsplash.com / Elena Leya
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: unsplash.com / Elena Leya

— Спярша я скараціла да мінімуму хлеб, сыр, усё тлустае, перастала дадаваць у салаты алей і гэтак далей. За наступныя два месяцы я скінула яшчэ два кілаграмы, і з гэтага моманту бацькі заўважылі, што нешта не так, — кажа Дар’я. — Яны пачалі мяне кантраляваць, але гэта не асабліва дапамагала. Я магла нешта выкідаць у сметніцу, перакладваць, аддаваць сястры, рабіць усё што заўгодна, каб працягваць прытрымлівацца свайго — як я цяпер разумею, нездаровага — плана і паводзін. Так у мяне з’яўлялася ўсё больш і больш забароненых прадуктаў. Дайшло да таго, што яшчэ праз пару месяцаў я не баялася толькі піць чай, а ела адну гародніну і садавіну. І тое не ўсю.

«Мне ўсё здавалася, што я недастаткова хворая»

Такія забароны яшчэ мацней ударылі па ментальным стане Дар'і. Калі яна ела нешта са свайго «забароненага спісу», то, паводле яе словаў, гэта кожны раз была «жудасная істэрыка, слёзы і крык».

— Бацькам даводзілася ўвесь час за мной сачыць як за маленькім дзіцем. Яны папросту не ведалі, калі я ем, а калі галадаю, не разумелі, ці пачну я ў наступнае імгненне істэрыць ці нават біць сябе, каб не есці. На той момант я ўжо сама разумела, што гэта іх моцна напалохала, — прызнаецца Дар’я. — Карацей, так мама і тата адправілі мяне на першы сеанс да псіхатэрапеўта.

Спачатку бацькі Дар'і запісалі яе на сеанс анлайн. Але выніку такі фармат не прынёс.

— Першаму псіхатэрапеўту я проста хлусіла. Здавалася, што я нібыта не адчуваю чалавека анлайн, таму мне гэта зусім не падыходзіць. Адчувала віну за гэта, але шчыра пра свой стан гаварыць не магла. Не ведаю чаму, — успамінае Дар’я. — Пры гэтым я ўжо таксама разумела, што мой стан ненармальны і нібыта трэба нешта рабіць, але ўсё думала, што можна заняцца гэтым «як-небудзь потым». Маўляў, цяпер мне не настолькі дрэнна, каб аднаўляцца. Я скідвала далей і дайшла да лічбы 40 кілаграмаў. Памятаю, псіхатэрапеўты і псіхіятры ўжо казалі, што мяне трэба адпраўляць у бальніцу, ледзь не карміць праз трубку ў нос (то-бок выкарыстоўваць энтэральнае харчаванне, праз зонд. — Заўв. рэд.). А мне ўсё здавалася, што я недастаткова хворая.

Бачачы, што вынікаў мала, ад анлайн-фармату псіхатэрапіі сям’я Дар'і хутка адмовілася. Яе бацькі пачалі шукаць ёй спецыяліста, з якім яна змагла б выбудаваць даверны кантакт на асабістых сустрэчах.

— Гэта аказалася не так лёгка, бо ў горадзе, дзе мы жывём, не так шмат рускамоўных псіхатэрапеўтаў. Ды і ў прынцыпе спецыялістаў, якія могуць займацца падлеткавай псіхалогіяй і разладамі харчовых паводзінаў адначасова, не так шмат. Другі псіхатэрапеўт, да якога мы звярнуліся, таксама мне не падышоў. Здавалася, мной маніпулююць і ціснуць, — расказвае суразмоўніца.

У выніку прыйшлося звярнуцца ўжо не да псіхатэрапеўта, а да псіхіятра. Аднак менавіта гэтая спроба аказалася ўдалай, заўважае Дар’я.

«Пачала думаць, што гэта проста мая асаблівасць»

У псіхіятра высветлілася, што акрамя анарэксіі ў Дар'і ёсць прыкметы дэпрэсіі — гэты ментальны разлад часта спадарожнічае праблемам з харчовымі паводзінамі. Тады доктарка прапісала суразмоўніцы «Люстэрка» таксама антыдэпрэсанты і курс псіхатэрапіі. Пасля гэтага, з яе словаў, нарэшце пачаўся хоць нейкі прагрэс.

— З новай спецыялісткай я зразумела, наколькі важна адчуваць сябе камфортна ў доктара. З ёй я ўжо магла абмяркоўваць хоць нешта. Спачатку я рабіла невялікія крокі да набору вагі і разбурэння ўстановак, — расказвае суразмоўніца. — У мяне нібыта зноў у жыцці з’яўляліся моманты, калі я магла адпусціць усе дакучлівыя думкі і еці ўсё, што люблю, у любой колькасці. Ну і я на самай справе пачала адчуваць сябе фізічна мацнейшай, хоць лічбы на вагах працягвалі палохаць. На момант звароту да псіхіятра я ўжо дасягнула свайго мінімуму — 37,5 кілаграма.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com / Pavel Danilyuk
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com / Pavel Danilyuk

Нягледзячы на тое, што ў стане Дар'і пачалася станоўчая дынаміка, правалы ўсё роўна здараліся.

— Бывала і так, што дакучлівыя думкі вярталіся, і я зноў пачынала кантраляваць харчаванне, — прызнаецца яна. — Пасля такіх «зрываў» бацькі мне, вядома, казалі: «Ты разумееш, што так можаш памерці?» А я і праўда разумела, але мне нібыта было ўсё роўна. Думала, што, значыць, так наканавана. Цяпер ведаю, што ўва мне гаварыла дэпрэсія, бо сур’ёзны прагрэс здарыўся адразу, як таблеткі запрацавалі ў поўную сілу.

З паляпшэннем стану да Дар'і вярнуліся і іншыя, як раптам аказалася, страчаныя радасці жыцця.

— Гэта можа дзіўна прагучаць, але раней я не магла зрабіць ніякага выбару. Напрыклад, нават каб вырашыць, што заўтра надзець, магла прыйсці да мамы па параду. У перыяд абвастрэнняў не магла нават ёй прапанаваць варыянты, настолькі было ўсё не вельмі. Я нават пачала думаць, што гэта проста мая асаблівасць як чалавека, але не, — усміхаецца суразмоўніца. — З паляпшэннем ментальнага стану гэтая «асаблівасць» знікла, і я зноў змагла выбіраць і атрымліваць задавальненне ад любімых справаў.

«Тое, што ты не ведаеш, што будзе адбывацца з табой далей, — нармальна»

Разам з гэтым у Дар'і пачало знікаць і пачуццё віны за прыёмы ежы.

— У нейкі момант я проста навучылася адказваць самой сабе на свае хворыя думкі. Думала: «Толькі што я паела столькі, колькі хацеў арганізм. Нават калі гэта больш, чым звычайна, — няма нічога страшнага. Пакуль я адчуваю сябе шчаслівай, чаму б і не». І гэта дапамагала, — расказвае яна.

Дар’я адзначае, што ў яе гісторыі не адбывалася ніякіх «пераломных момантаў» і цудаў у духу «прачнулася — і пачала есці». Яна апісвае шлях да акрыяння хутчэй як «доўгі і паступовы працэс вялікай працы над сабой».

— Падчас псіхатэрапіі я пачала больш думаць пра сябе як асобу, стала лепш сябе разумець і проста прымаць той факт, што нармальна сябе любіць не толькі за дасягненні ў спорце, навучанні або жыцці ў цэлым, але і проста так, па факце існавання. Гэтае разуменне многае ўва мне змяніла. Як і тое, што жыццё цудоўнае ў сваёй непрадказальнасці. Тое, што ты не ведаеш, што будзе адбывацца з табой далей, — нармальна. Магчыма, гэта нават адна з самых цудоўных частак жыцця, — разважае Дар’я.

Цяпер яна адчувае сябе здаровай. Праз год барацьбы з анарэксіяй і дэпрэсіяй яна здолела не толькі вярнуць свой маральны стан у норму, але і набраць вагу. Цяпер яна складае 51 кілаграм.

— Я нібыта вярнулася да сябе, — кажа Дар’я. — Зноў стала вельмі актыўнай, успомніла, як гэта — смяяцца і ўсміхацца. На гэта ж раней і сіл не было, а цяпер я зноў шмат жартую з сябрамі і роднымі. І я праўда гэтаму вельмі радая.

Чытайце таксама