Лётаць па Беларусі на верталёце нашмат танней, чым ездзіць на аўтамабілі ў суправаджэнні картэжа. Так Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чаму для візітаў у рэгіёны часта карыстаецца авіяцыяй. Адначасова ён раскрытыкаваў сваіх чыноўнікаў за высокія выдаткі на камандзіроўкі, якія аплачваюцца з бюджэту.

На нарадзе са сваёй адміністрацыяй 12 чэрвеня палітык заклікаў прысутных не злоўжываць «нейкімі нарадамі, паседжаннямі, форумамі», на якія ўдзельнікаў звозяць з рэгіёнаў.
— Гэта, па-першае, далёка. Таму, прымаючы тое ці іншае рашэнне, вы думайце, у што гэта абыдзецца. Гэта дорага. А выклікаць кожны тыдзень, да прыкладу, з раёнаў або з абласцей людзей, якія, вы ведаеце, у нас ужо на аўтобусах і на цягніках не ездзяць… У нас жа кожны мае персанальную машыну. Калі не, то абавязкова ў кагосьці там адшпіліць і паедзе. А гэта нечыя выдаткі. І, у прынцыпе, улічваючы нашую эканоміку, гэта дзяржаўныя выдаткі, — павучаў Лукашэнка кіраўніка сваёй адміністрацыі Дзмітрыя Крутога.
Ён паскардзіўся, што «высокія службовыя асобы» кожны дзень у суправаджэнні вялікай колькасці суправаджальнікаў здзяйсняюць па дзве-тры камандзіроўкі, прычым «чым далей, лічаць, тым лепш».
— Гэта велізарныя грошы, — дадаў палітык і прапанаваў падлічыць выдаткі на ўрадавыя камандзіроўкі.
Сам жа Лукашэнка расказаў, што аддае перавагу перамяшчэнням па краіне на верталёце з эканоміі. Але іншыя чыноўнікі не спяшаюцца браць з яго прыклад.
— Калі прэзідэнт некуды, вось у Бярозу, [збіраецца] - тут іх (суправаджальнікаў. — Заўв. рэд.) цэлая кавалькада. Я прызямляюся на верталёце. Чаму на верталёце? Адна з прычын — гэта нашмат танней, чым картэж прэзідэнта, нават калі там бяспека і іншая, — патлумачыў палітык.
Аднак на месцы прыбыцця, са словаў Лукашэнкі, ён бачыць столькі аўтамабіляў, што «яблыку ўпасці няма дзе».
— Хлопцы, мы знахабіліся да крайнасці. Такога ў дзевяностых гадах не было. І рэч не толькі ў тым, што мы бяднейшыя былі — так, былі бяднейшыя. Давайце з нябёсаў будзем апускацца на зямлю, бо мы навідавоку, на нас глядзяць больш, чым хто-небудзь, — заявіў ён, запатрабаваўшы гэтае пытанне «прыводзіць у парадак, не зважаючы ні на асобы, калі яны не разумеюць, ні на рангі».
Чытайце таксама